Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Плынь эміграцыі зь Беларусі не зьмяншаецца, яна толькі расьце». Размова з кіраўніцай Дэпартамэнту міграцыі Літвы


Беларусы ў Вільні. Люты 2023
Беларусы ў Вільні. Люты 2023

Эвеліна Гудзінскайце расказала Свабодзе аб прыкладнай колькасьці беларусаў, якія пераехалі жыць у Літву пасьля жніўня 2020 году. А таксама падзялілася тым, чаму некаторым зь іх адмаўляюць у дазволах на жыхарства.

У Літве беларусам найчасьцей адмаўляюць у ДНЖ — дзеля дзяржаўнай бясьпекі. Кіраўніца літоўскай міграцыйнай службы Эвеліна Гудзінскайце расказала, зь якімі цяжкасьцямі сутыкаюцца беларусы пасьля пераезду.

«Большасьць беларусаў едуць у Літву па працу»

У Літву ў большасьці выпадкаў беларусы прыяжджаюць працаваць, і гэта не айцішнікі ці актывісты, а людзі рабочых спэцыяльнасьцяў. Пра гэта Свабодзе расказала дырэктарка Дэпартамэнту міграцыі пры МУС Літвы Эвеліна Гудзінскайце.

«Большасьць беларусаў прыяжджаюць у Літву працаваць. Сёлета з эканамічных прычынаў часовы дазвол на жыхарства атрымалі 6 тысяч беларусаў, а з гуманітарных прычынаў — толькі 235 чалавек. Большасьць прыяжджае працаваць на будоўлю ці кіроўцам. Калі мы возьмем сярэдні партрэт, то гэта будзе мужчына 37 гадоў, сям’я ў Беларусі, а ён працуе дальнабойнікам. Калі ў Беларусі пачаўся палітычны крызіс, то стала прыяжджаць болей высокакваліфікаваных работнікаў, але большасьць — гэта ўсё адно рабочыя», — кажа Эвеліна Гудзінскайце.

Дырэктарка дэпартамэнту міграцыі пры МУС Літвы Эвеліна Гудзінскайце
Дырэктарка дэпартамэнту міграцыі пры МУС Літвы Эвеліна Гудзінскайце

Паводле кіраўніцы дэпартамэнту, на пачатак 2023 году ў Літве стала жылі 48 804 беларусы. Тры гады таму іх было 17 769. Гэта значыць, з 2020 году ў Літву на сталае жыхарства пераехалі сама меней 31 035 грамадзян Беларусі. Гэта без уліку тых, хто жыве ў Літве, маючы візу, а не дазвол на жыхарства.

Адна з праблем, зь якой сутыкаюцца беларусы пры падачы дакумэнтаў у літоўскі Дэпартамэнт міграцыі — тэрміны. Бывае, што дакумэнты падаюць ня ў час, гаворыць Эвеліна Гудзінскайце. Пакуль такія сытуацыі завяршаліся папярэджаньнем.

«Адна з праблемаў — калі людзі забываюць, што трэба сачыць за тэрмінамі знаходжаньня. Бывае, у міграцыю зьвяртаюцца, калі тэрмін часовага дазволу на жыхарства ці візы ўжо заканчваецца. Трэба падаваць такія дакумэнты загадзя. Другая праблема — гэта даведка аб несудзімасьці і апастыль, бо ў консульствах вялікія чэргі. У апошнюю хвіліну гэта зрабіць цяжка. За парушэньне гэтых тэрмінаў пакуль былі толькі папярэджаньні», — дзеліцца досьведам кіраўніца дэпартамэнту.

Другія пасьля ўкраінцаў

Цяпер беларусы ў Літве складаюць другую групу па колькасьці эмігрантаў, гавораць у Дэпартамэнце міграцыі. На першым месцы — эмігранты з Украіны. З пачатку вайны ў міграцыйнай службе Літвы зарэгістравалі 78 тысяч украінцаў. На канец красавіка ў Літве засталіся 44 тысячы зь іх.

У рэдкіх выпадках беларусам адмаўляюць у атрыманьні дазволу на жыхарства, гэта найчасьцей зьвязана з пытаньнямі бясьпекі, кажа літоўская чыноўніца.

«Тысячы беларусаў атрымліваюць дазволы на жыхарства, адмова была толькі 331. Гэта было праз пагрозы для краіны. У тым ліку праз адказы ў анкеце, якую трэба запаўняць пры падачы дакумэнтаў. Некаторыя апраўдвалі дзеяньні Расеі. Некаторыя складанай мовай спрабуюць нешта тлумачыць», — гаворыць Эвеліна Гудзінскайце.

Дырэктарка дэпартамэнту міграцыі пры МУС Літвы Эвеліна Гудзінскайце
Дырэктарка дэпартамэнту міграцыі пры МУС Літвы Эвеліна Гудзінскайце

Па яе словах, з 2020 году 155 беларусаў падаліся на грамадзянства ў Літве. Летась яго атрымалі 32 беларусы. Цяпер міграцыйная служба плянуе выпусьціць праграму для смартфона, таксама там думаюць над тым, каб перавесьці большасьць дакумэнтаабароту ў электронны фармат.

Плынь эміграцыі зь Беларусі ў Літву ўвесь час расьце, зазначае кіраўніца міграцыйнага дэпартамэнту.

«Паток эміграцыі не зьмяншаецца, ён расьце. Гэта зьвязана і з вайной, аднак расьце і наша эканоміка, працадаўцам у Літве патрэбна працоўная сіла. Беларусы блізкія нам мэнталітэтам, тым, як мы ставімся да працы, таму нашы працадаўцы любяць наймаць беларусаў», — даводзіць Эвеліна Гудзінскайце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG