Андрэй Кузьнечык за кратамі пачаў атрымліваць «Звязду», дзе самае карыснае для яго — прагноз надвор’я. Піша ў лістах, што стаптаў пару зімовых ботаў і марыць, каб наступная не спатрэбілася. Што тычыцца сьвяткаваньня Вялікадня ў турме, то спачатку зьняволеных папярэдзілі, што гэта забаронена.
«Але пазьней поп з царквы раздаў кожнаму па булцы. Так што заелі прыкрасьць. Яшчэ і яйкі ў сталоўцы давалі фарбаваныя. Але біцца імі не наважыліся», — расказвае палітвязень пра сьвята ў Наваполацкай калёніі.
Андрэй працуе на лесапілцы шэсьць дзён на тыдзень. Але знаходзіць час на кнігі. Цяпер чытае «Віртуальнае сьвятло» Ўільяма Гібсана.
«Нейкі важны дзядзька ў жанры кібэрпанку. Але кніга з нулявых, а процьму фантастычных рэчаў ужо павынаходзілі. Чорныя акуляры, якія ўключаюцца. Знайшоў чым зьдзівіць! Вы, дарэчы, імі зь Янкай карыстаецеся, ці ляжаць пыляцца?» — пытаецца Андрэй.
«„Скайнэт“ малюе ілюстрацыі для кніжак і троліць інтэрнаўтаў. Фантастыка!»
Стараецца Андрэй сачыць і за навінкамі кіно — просіць жонку, каб паболей пісала пра гэта. Радуецца, што працягваюць выходзіць замежныя фільмы, дубляваныя па-беларуску.
«А фільмы цалкам дублююць ці на два галасы? Радуе, канечне, што нешта прарастае, нягледзячы на. Рэжысэр таго фільма зь цягніком — Літч, ня Лінч? (Хоць Лінч стараваты нібыта для такога тэмпу і за падобным экшнам раней не заўважаны. А яшчэ што вядомае гэты Літч зьняў? Што піша „Кінапошук“?»
Навіна пра тое, што штучны інтэлект пакрысе вучыць беларускай мове, Андрэя агаломшыла:
«Са штучным інтэлектам, які вучыць беларускай мове, навіна як з космасу. Як гэта робіцца, што ўвогуле адбываецца, нават уявіць не магу. „Скайнэт“ малюе ілюстрацыі для кніжак і троліць інтэрнаўтаў. Фантастыка! І паралельна з гэтай фантастыкай — такое дзікунства!» — піша палітвязень.
«Каты ў Яніны сапраўды магічна-фэерычныя. Ёсьць чым ганарыцца»
На волі Андрэй вельмі шмат часу прысьвячаў выхаваньню дзяцей, займаўся зь імі. Зараз просіць, каб яму падрабязна пісалі, як растуць, як разьвіваюцца Яніна і Мацьвей, шчыра радуецца іхным посьпехам і дасягненьням. Дачка гэтым разам пацешыла ляканічнай ілюстрацыяй да татавага верша.
«Столькі радасьці ад цябе за пару дзён! І тое, што ты ачуняла ад хваробы, і што вершык (паэма, як ты кажаш, ха-ха) спадабаўся. І фоткі з паштоўкамі прыйшлі, хараство! Вершык ты мне падказала сваімі казкамі на ноч, але я ў ім трошку сумняваўся. Ну і галоўнае, што галоўная чытачка ўпадабала. Заадно даведалася новае слова і нават праілюстравала. Карціна экспрэсіўна-ляканічная.
Каты ў Яніны сапраўды магічна-фэерычныя. Ёсьць чым ганарыцца. А ня хочаце даслаць у „Матуліна сонейка“ ці „Качели“, калі Янька іх чытае? Шпітальная карцінка ката таксама ўражвае, але ў дзіцячыя часопісы яе возьмуць наўрад. Можа, наша мастачка будзе мэдыкам па сумяшчальніцтве? Янчыны фразачкі... таксама сьведчаць пра мэтафарычнае мысьленьне, творца расьце», — піша Андрэй.
Калегі і сябры Андрэя прапануюць выдаць кнігу дзіцячых вершаў Андрэя, якія ён піша на паштоўках і прысьвячае сваім дзецям. Аўтар раіць пакуль з выданьнем не сьпяшацца — ён да ўсяго ставіцца надзвычай сур’ёзна і адказна:
«І з кнігай, дарэчы, калі і пачынаць справу, то рукамі адмыслоўцаў, а гэта ня я. Таму, калі нічога дужа не гарыць, хай чакае.
Дарэчы, я ўжо пісаў, як, на мой погляд, павінны ўрэчаіснавацца кнігі, з таго часу нічога не зьмянілася».
«У Мацейкі што ні тыдзень, то новыя словы, сачу за імі, як мясцовыя заўзятары за вынікамі матчаў»
Сям’я Кузьнечыкаў беларускамоўная, сыну Мацьвею тры гады — якраз той ўзрост, калі дзіця засвойвае шмат новых слоў.
«У Мацейкі што ні тыдзень, то новыя словы, сачу за імі, як мясцовыя заўзятары за вынікамі матчаў, якіх яны ня могуць пабачыць. Цікава, што побач зьявілася беларускамоўная група ў садку. Я б прынамсі схадзіў паглядзець, што ды як. Калі беларушчына там ня толькі на паперы, як бывае, то Мацейку звыклае моўнае асяродзьдзе і разумны падыход выхавальніц, думаю, пайшлі б на карысьць. Ну і само зьяўленьне групы, хочацца верыць, паказьнік добрай тэндэнцыі на рост колькасьці падобных да нас бацькоў і попыту на беларускамоўнае асяродзьдзе», — разважае Андрэй.
Перасьлед Андрэя Кузьнечыка
- Андрэй Кузьнечык — журналіст, які супрацоўнічае з Радыё Свабода, фрылансэр.
- Андрэя Кузьнечыка затрымалі 25 лістапада, на наступны дзень яго асудзілі на 10 сутак, аднак 5 сьнежня ён на волю не выйшаў, зноў атрымаўшы 10 сутак. Але і 15 сьнежня яго ня вызвалілі і зноў прысудзілі 10 дзён арышту.
- Віны паводле адміністрацыйных артыкулаў фрылансэр Радыё Свабода не прызнаў, перадач для яго не прынялі.
- 22 сьнежня Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала ад уладаў органаў неадкладна даць інфармацыю пра тое, дзе і ў сувязі зь якой справай утрымліваюць журналіста.
- Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай заявіў, што ўлады Беларусі працягваюць утрымліваць журналіста, па сутнасьці, як выкрадзенага закладніка. Ён запатрабаваў вызваліць Андрэя і спыніць перасьлед беларускіх журналістаў.
- 23 сьнежня сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, але не назвалі артыкулу КК. Кузьнечыка перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
- У чэрвені 2022 году Магілёўскі абласны суд прызнаў яго стваральнікам «экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК) і прысудзіў 6 гадоў турмы. Суд доўжыўся 3 гадзіны.