«Лічым сустрэчу з прадстаўніком расейскай акупацыйнай адміністрацыі, які хаваецца ад украінскага сьледзтва за ўчыненьне цяжкіх злачынстваў і знаходзіцца пад украінскімі і міжнароднымі санкцыямі, чарговым і абуральным недружалюбным актам з боку Рэспублікі Беларусь, накіраваным на падтрымку дзяржавы-агрэсара РФ», — гаворыцца ў заяве МЗС Украіны.
У сувязі з гэтым ведамства прыняло рашэньне адклікаць амбасадара Украіны ў Беларусі Ігара Кізіма для кансультацый, а таксама заклікала рэжым Лукашэнкі спыніць падтрымку вайны Расеі супраць Украіны.
- 18 красавіка Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком акупацыйнай расейскай акупаванай часткі Данецкай вобласьці Ўкраіны (так званай «ДНР», аб спробе анэксіі якой заявілі ў Маскве) Дзянісам Пушыліным. Падчас сустрэчы Лукашэнка прапанаваў сваю дапамогу данецкім сэпаратыстам.
- Раней Украіна разарвала дыпляматычныя дачыненьні з Сырыяй і КНДР, якія прызналі «незалежнасьць» так званых «ДНР» і «ЛНР», хаця кіраўнікі гэтых краін не сустракаліся з Пушыліным ці Пасечнікам (кіраўнік «ЛНР»).
- 30 верасьня Ўладзімір Пуцін пасьля фальшывых «рэфэрэндумаў» падпісаў «дакумэнты» аб уваходжаньні ў склад Расеі так званых «Данецкай і Луганскай народных рэспублік», а таксама «Запароскай і Херсонскай абласьцей». Усе гэтыя рэгіёны Ўкраіны не акупаваныя Расеяй цалкам, там ідуць баі.
- Беларускія ўлады дэ-юрэ не прызналі незалежнасьць «ДНР» і «ЛНР», роўна як іх «далучэньне» да Расеі пасьля фальшывых «рэфэрэндумаў», пры гэтым афіцыйны Менск ухваляе агрэсію РФ супраць Украіны.
- Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дало вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.