Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Правадыр здае ў расейскі лямбард незалежнасьць Беларусі», — Класкоўскі


Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Дзянісам Пушыліным у Менску, Беларусь. 18 красавіка, 2023 году
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Дзянісам Пушыліным у Менску, Беларусь. 18 красавіка, 2023 году

Палітычны аглядальнік праекту «Позірк» Аляксандар Класкоўскі тумачыць, што азначае сустрэча Лукашэнкі з Пушыліным, чаму Масква не шкадуе грошай для Беларусі, і адказвае на пытаньне, якім будзе выбар Лукашэнкі паміж сувэрэнітэтам краіны і асабістай уладай.

Сьцісла:

  • Дэ-факта Крэмль ужо прымушае свайго васала прызнаваць акупаваныя тэрыторыі.
  • Гэта паўзучы працэс, які ператварае Беларусь у марыянэткавае ўтварэньне.
  • Нарастае рызыка непасрэднага ўцягваньня Беларусі ў вайну.
  • Правадыр здае ў расейскі лямбард будучыню Беларусі, яе незалежнасьць.
  • Лукашэнка хутчэй пагодзіцца стаць губэрнатарам Паўночна-заходняга краю, чым здасца сваім палітычным праціўнікам.

— 18 красавіка Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком акупацыйнай адміністрацыі расейскай анэксаванай часткі Данецкай вобласці Ўкраіны (так званай «ДНР») Дзянісам Пушыліным. Можна прыгадаць, што год таму, калі Пушылін прыяжджаў у Беларусь, то зь ім у Берасьці сустрэліся мясцовыя чыноўнікі невысокага рангу. А цяпер прымае сам Лукашэнка, разумеючы ўсе міжнародныя наступствы. Чаму?

— Калі коратка сказаць, то да гэтага прымусіў Пуцін. А калі гаварыць лексыкай самога беларускага кіраўніка, то — «нахілілі». Сапраўды, летась у ліпені Пушылін быў у Беларусі, але Лукашэнка тады яго «прадынаміў», праігнараваў. Пушылін сустракаўся з дробнымі чыноўнікамі, усклаў кветкі да Берасьцейскай крэпасьці, сказаў пра «подзьвіг рускага салдата».

А потым мы бачылі этапы нагнятаньня прэсінгу з боку Крамля. Лукашэнка прылятаў да Пуціна ў Сочы і адтуль мусіў ехаць у Абхазію. БелТА сарамліва паведамляла, што Лукашэнка наведаў памятныя мясьціны Чорнага мора і там напаткаў нейкага грамадзяніна Бжанію. Пра тое, што гэта прэзыдэнт самаабвешчанай Абхазіі, нават ня згадвалася. А сёлета ў лютым той самы Бжанія ўжо прылятаў у Менск і сустракаўся з Лукашэнкам. І вось цяпер з другога заходу ў Менск прыехаў Пушылін і сустрэўся гэтым разам з Лукашэнкам.

Я думаю, Лукашэнка ад гэтага візыту зусім не ў захапленьні. Але ступень залежнасьці беларускага правадыра ад Крамля ўзрасла вельмі моцна. Дэ-факта Крэмль ужо прымушае свайго васала прызнаваць акупаваныя тэрыторыі.

— Што далей можна чакаць у гэтым шэрагу «нахіленьня» Крамлём свайго васала? Што можа стаць наступным?

— Нічога добрага. Само па сабе гэта нібыта сымбалічны момант, але гэта зьвяно ланцуга. Крэмль пасьлядоўна бярэ Беларусь у абцугі, прасоўвае ва ўсе сфэры свае шчупальцы. Страчваецца і вайсковы, і замежнапалітычны сувэрэнітэт. Гэта паўзучы працэс, які ператварае Беларусь чыста ў марыянэткавае ўтварэньне.

Пуціну ня трэба сюды заходзіць з танкамі, дэсантам — можна высмактаць усе сокі з Беларусі, намёртва яе прывязаць да Расеі, а тутэйшаму правіцелю пакінуць чырвона-зялёны сьцяг, рэзыдэнцыю, клюшку — хай гэтым задаволіцца.

Нарастае рызыка непасрэднага ўцягваньня Беларусі ў вайну. Лукашэнка такімі сустрэчамі дэ-факта прызнае гэтыя анэксаваныя тэрыторыі. Таму калі заўтра, напрыклад, пачнецца ўкраінскі наступ, то тады Крэмль скажа Лукашэнку: «Ты ж прымаў гэтых правадыроў, дэ-факта прызнаў іх часткай Расеі, таму давай, абараняй саюзную дзяржаву, як запісана ў нашых дамовах». І значна цяжэй будзе адкруціцца.

— Разам з тым Расея цяпер плаціць Лукашэнку больш, чым заўсёды. Як падлічылі эканамісты, агульную — прамую і ўскосную — дапамогу Расеі можна ацаніць у 15 мільярдаў даляраў.

— Так, сапраўды, Пуцін асабліва шчодры апошнія паўтара года, з пачатку вайны. Усяго надаваў Лукашэнку — і газу таннага, і нафты са зваротным акцызам, і крэдытаў. Але ж і ў эканамічнай сфэры ідзе паўзучае закабаленьне, ужо выкананыя на 80 працэнтаў тыя самыя «саюзныя праграмы». Ідзе завязваньне на расейскі рынак, пазбаўленьне сувэрэнітэту і ў эканоміцы, у падатковай, фінансавай сфэрах — так можа дайсьці і да адзінай валюты.

У моманце эканоміка, можа, і выйграе, але гэта коштам здачы эканамічнага сувэрэнітэту — каб утрымацца тут і цяпер. Правадыр аддае ў расейскі лямбард будучыню Беларусі, яе незалежнасьць.

— Лукашэнка гадамі падключаўся да розных інтэграцыйных схемаў з Расеяй, але пры гэтым усё ж неяк захоўваў беларускі сувэрэнітэт — хаця б дзеля ўтрыманьня сваёй улады. Чаму пасьля 2020 году ўсё пакацілася? Можа, ён разьлічвае, што ў нейкі момант сытуацыя павернецца назад і можна будзе са шчупальцаў Расеі высьлізнуць? Ці ён ужо дбае толькі пра захаваньне сваёй улады над Беларусьсю нават праз продаж яе сувэрэнітэту?

— Лукашэнка пасьля 2020 году мусіць выбіраць толькі паміж кепскім і вельмі кепскім. Для яго ў жніўні 2020 году была альтэрнатыва — альбо адносна спакойна пакінуць пасаду, альбо душыць пратэсты. Ён, натуральна, выбраў задушэньне, бо для яго адыход ад улады не ўкладаецца ў галаве. Да таго ж ён баіцца наступстваў страты ўлады і ня верыць ні ў якія гарантыі. У гэтым пляне ён прыпёрты да сьценкі і, па вялікім рахунку, выбару ў яго няма.

Мне думаецца, Лукашэнка спадзяецца, што яму зноў пашанцуе нейкім чынам. Альбо Пуцін пераможа ў вайне і ён стане саўдзельнікам перамогі. Альбо ў выпадку паразы Расеі ўдасца высьлізнуць, сказаць, што заўсёды быў міратворцам і быў супраць вайны.

Але, наколькі можна зразумець псыхалёгію Лукашэнкі, ён імкнецца наперад далёка ня думаць. Ён майстар тактыкі, манэўраваньня ў рэальным часе, а не ў стратэгіі. Ды і, паўтаруся, па вялікім рахунку, выбару ў яго няма. Я думаю, што ў крытычнай сытуацыі ён пагодзіцца стаць губэрнатарам Паўночна-заходняга краю, а ня здасца сваім палітычным праціўнікам.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG