Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чырвона-зялёны салют за 220 тысяч рублёў і шоў за 154 тысячы. Колькі ўлады Беларусі сёлета патрацяць на сьвяткаваньне 9 траўня


Cьвяткаваньне 9 траўня ў Менску, 2021 год
Cьвяткаваньне 9 траўня ў Менску, 2021 год

За год фаервэрк не зьмяніўся ў кошце, а за 2 гады патаньнеў на 5 тысяч рублёў. Трэці год нічога не чуваць пра парад.

Стала вядома, у колькі абыдзецца сьвяткаваньне сёлетняга 9 траўня ў Менску беларускаму бюджэту. Адпаведную заяўку разьмясьцілі на сайце дзяржаўных закупак.

«Матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне сьвята» ў Менску 9 траўня будзе каштаваць 154 тысячы рублёў. Гэтая сума ўключае абсталяваньне сцэны ў парку Перамогі, а таксама ўсталяваньне «партызанскай пляцоўкі» і пляцоўкі «Лябірынт гісторыі».

З дакумэнтаў дзяржзакупкі вынікае, што на сьвяткаваньнях задзейнічаюць два асобныя павільёны са сваім пэрсаналам і тэхнікай, але што будзе адбывацца на «партызанскай пляцоўцы» і ў «лябірынце гісторыі», не паведамляецца.

Таксама на 9 траўня ў Менску заплянаваны традыцыйны фаервэрк коштам 220 тысяч рублёў. Згодна з дакумэнтацыяй, фаервэрк адбудзецца ў 6 месцах:

  • Пляцоўка ў парку Янкі Купалы
  • Пляцоўка ў сквэры імя Паўлава
  • Узьбярэжжа вадасховішча Дразды
  • Парк Уга Чавэса
  • Пляцоўка каля Чыжоўка-Арэны
  • Пляцоўка каля Нацыянальнай бібліятэкі

Гама фаервэрку, згодна з закупкай, — колеры дзяржаўнага сьцяга Беларусі.

Летась салют у Менску каштаваў столькі ж — 220 тысяч рублёў, а ў 2021 годзе — 225 тысяч.

Што будзе ў рэгіёнах?

Сьвяточны салют на 9 траўня плянуецца таксама ў Горадні, на яго зьбіраюцца патраціць 19 500 рублёў. Гэта ў 11 разоў таньней, чым у Менску. Таксама ў Горадні ўсталююць сцэну для канцэрту, агульны кошт усяго абсталяваньня і паслугаў — 39 тысяч рублёў.

Яшчэ адзін фаервэрк пройдзе каля мэмарыяльнага комплексу «Берасьцейская крэпасьць-герой». Каштаваць піратэхнічнае шоў будзе 25 тысяч рублёў, арганізатары абяцаюць «сэнсавыя піратэхнічныя карціны». Шоў будзе працягвацца 8 хвілін, у неба выпусьцяць агулам 354 зарады.

Будуць 9 траўня сьвяткаваць і ў меншых гарадах. Напрыклад, Любанскі раён закупляе рытуальныя кошыкі ад сельсаветаў на суму 1650 рублёў.

А што з парадам?

Апошні раз вайсковы парад на 9 траўня ў Менску праходзіў у 2020 годзе на фоне эпідэміі каранавірусу. Тады супраць параду выказаліся 7 тысяч чалавек, столькі грамадзян падпісаліся пад адпаведнай пэтыцыяй. У Расеі парад адмянілі і адмовіліся ўдзельнічаць у беларускім. Усясьветная арганізацыя здароўя таксама рэкамэндавала парад не праводзіць, але яго ўсё адно правялі раніцай 9 траўня. Гэта быў адзіны парад на постсавецкай прасторы ў траўні таго году.

У 2021 і 2022 гадах парад на 9 траўня ўжо не праводзілі. У 2021-м улады спаслаліся на тое, што «гэтая дата ня круглая». На Дзень незалежнасьці 3 ліпеня парады таксама не праводзіліся. Летась улады заявілі, што наступны пройдзе ў Беларусі ў 2024 годзе на Дзень незалежнасьці 3 ліпеня.

Колькі патрацяць на сьвяткаваньне і ці шмат гэта

Калі скласьці асноўныя выдаткі на салюты ў Менску, Горадні і Берасьці, а таксама на сталічнае шоў, то сёлетняе сьвяткаваньне 9 траўня ў Беларусі будзе каштаваць дзяржбюджэту як мінімум 457 500 рублёў, або 155 тысяч даляраў. Гэта прыкладна

  • 271 сярэдні заробак,
  • 4 тысячы сярэдніх стыпэндый,
  • 1318 мінімальных пэнсій па ўзросьце
  • альбо 444 174 кіляграмы бульбы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG