Міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік знаходзіцца зь візытам у Вугоршчыне з 11 красавіка, паведаміла прэсавая служба беларускага МЗС
12 красавіка разам са сваім вугорскім калегам міністрам замежных спраў і гандлю Пэтэрам Сіярта Алейнік правёў паседжаньне Міжурадавай камісіі ў эканамічным супрацоўніцтве.
Пасьля перамоваў зь Сіярта Сяргей Алейнік, у прыватнасьці, заявіў, што цяперашняя вайна ва Ўкраіне «справакаваная і разьдзімаецца намаганьнямі ЗША і іх сатэлітаў. Яны атрымліваюць ад гэтага прамыя дывідэнды і перавагі, а ўсе астатнія нясуць выдаткі».
Кіраўнік МЗС дадаў: «Пазыцыя Менску адназначная — трэба спыніць гібель людзей, неадкладна аб'явіць перамір'е і пачынаць перамовы. Чым раней, тым лепей».
Напярэдадні Пэтэр Сіярта знаходзіўся зь візытам у Маскве. Там ён правёў перамовы зь віцэ-прэм’ерам расейскага ўраду Аляксандрам Новакам. У выніку бакі падоўжылі пагадненьне аб дадатковых пастаўках газу ў Вугоршчыну звыш аб’ёмаў, прадугледжаных доўгатэрміновым кантрактам, а таксама дамовіліся пра адтэрміноўку плацяжоў у выпадку росту цэнаў на газ.
Візыт у адказ
Кіраўнік МЗС Вугоршчыны Пэтэр Сіярта прылятаў у Менск 13 лютага. Гэта быў першы такі візыт з 2020 году. Сіярта тлумачыў, што прасіў Беларусь не рабіць крокаў для пашырэньня вайны, напісала выданьне Magyar Hírlap.
Папярэдні раз прадстаўнік Вугоршчыны пабываў у Беларусі 5 чэрвеня 2020 году, яшчэ да сфальшаваных выбараў прэзыдэнта і хвалі масавых рэпрэсій. Тады Беларусь з афіцыйным візытам наведаў прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан. Пасьля таго прадстаўнікі краін Эўразьвязу на ўзроўні прэм’ераў ці кіраўнікоў МЗС у Беларусь не прыяжджалі.
Вугоршчына ад самага пачатку поўнамаштабнай расейска-ўкраінскай вайны 24 лютага 2022-га займала неадназначную пазыцыю, адрозную ад большасьці краін Эўразьвязу, куды сама ўваходзіць. Кіраўніцтва дзяржавы, у тым ліку асабіста Сіярта, выказвалася супраць перадачы ўзбраеньняў Украіне, нібыта праз засьцярогу наконт вугорскага насельніцтва ўкраінскага Закарпацьця.
Прэм’ер-міністра Віктара Орбана і Сіярта абвінавачвалі ў празьмернай супрацы з Масквой. Вугоршчына стала адной з краін, якія адхілілі прапанову забараніць расейцам атрымліваць шэнгенскія візы.
Адносна ўвядзеньня Эўразьвязам «столі» на цану расейскай нафты Пэтэр Сіярта заявіў, што яго краіна «шмат змагалася» за нацыянальныя інтарэсы падчас перамоваў у Эўразьвязе, у выніку чаго была вызваленая ад неабходнасьці прымяненьня гэтых захадаў адносна сябе.
У ліпені 2022 году Сіярта наведаў Маскву, дзе сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Лаўровым. Тады ж Віктар Орбан выказаўся за мірныя перамовы, заявіўшы, што Эўразьвязу ня варта рабіць стаўку на перамогу Ўкраіны.