Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анжаліка Борыс дала першае інтэрвію пасьля СІЗА, хатняга арышту і спыненьня справы супраць яе


Анжаліка Борыс, архіўнае фота
Анжаліка Борыс, архіўнае фота

У першым інтэрвію пасьля 2 гадоў крымінальнага перасьледу Анжаліка Борыс пацьвердзіла, што яе маці зьвярнулася зь лістом да Лукашэнкі, каб ён вызваліў яе.

У інтэрвію польскай газэце Rzeczpospolita Анжаліка Борыс расказала пра свой стан пасьля крымінальнага перасьледу і сытуацыю ў польскай меншасьці Беларусі.

Крымінальная справа супраць лідэркі Саюзу палякаў Беларусі цягнулася два гады, зь іх год яна адбыла ў СІЗА, яшчэ год пад хатнім арыштам. Больш як праз два гады зь яе зьнялі ўсе абвінавачваньні.

«Чалавек пасьля такіх перажываньняў адчувальны да чужых пакут. Я значна больш хвалююся за іншых людзей. Каштоўнасьці мяняюцца. Тое, што калісьці было важным, становіцца няважным. Я не адчуваю ні эўфарыі, ні радасьці. Перш за ўсё я хвалююся за сваіх калегаў, за тое, каб Анджэй Пачобут выйшаў на волю. Хвалююся за сябровак Ірэну Бэрнацкую, Марыю Цішкоўскую, Ганну Панішаву. Каб яны маглі вярнуцца ў свае дамы. Бо яны тут нарадзіліся і, упэўненая, вельмі сумуюць. Я таксама хвалююся за тое, каб іншыя людзі мелі нармальнае жыцьцё».

Пра салідарнасьць і падтрымку для людзей за кратамі, якая прыходзіць звонку, Борыс сказала:

«У тых мясьцінах таксама людзі. І зь імі трэба знаходзіць агульную мову, як і ў паўсядзённым жыцьці чалавека. Я старалася дапамагаць тым, каму магла. Ёсьць правіла, што навакольнае асяродзьдзе будзе ставіцца да цябе гэтак жа, як і ты да гэтага асяродку. Трэба быць чалавекам. Чалавечыя кантакты, сяброўства і салідарнасьць. Гэтыя каштоўнасьці вечныя і важныя. Прыходзілі лісты ад сяброў, але ня ўсе. Важна мець зносіны зь іншымі людзьмі».

Стаўленьне да яе турэмнай адміністрацыі Борыс камэнтаваць не захацела, але сказала:

«Мне было нялёгка. У мяне былі праблемы са здароўем. Я не такая моцная, як іншыя. Я спрабавала, але часам арганізм чалавека дае збой і ня ўсё залежыць ад нас. Вакол занадта шмат пакут, супраць якіх мае сёньняшнія перажываньні нішто. Не хачу перабольшваць сваю ролю, час усё расставіць на свае месцы. Дзякуй за дапамогу, дзякуй родным і блізкім. І зь Беларусі, і з Польшчы. Для мяне гэта было важна. Мы павінны трымацца разам, знаходзіць адзін аднаго тут і цяпер».

Вясной 2021 года актывістак польскай меншасьці Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую, Ганну Панішаву вывезьлі ў Польшчу проста зь СІЗА. Была інфармацыя, што тады Анжаліцы Борыс і Анджэю Пачобуту таксама была прапанова пакінуць Беларусь. Борыс пацьвердзіла гэта:

«Так, у свой час такая прапанова была, але я адмовілася. Па-першае, я тады ня ведала, што адбываецца з Марыяй ці Ірэнай. Я не хацела выехаць з краіны, а каб яны засталіся. Я не хацела кідаць сваіх сяброў. Другі раз, калі была магчымасьць выйсьці на волю, я пагадзілася, бо ня ведала, ці вытрымае ўсё гэта маё здароўе».

Борыс пацьвердзіла, што яе маці зьвярнулася зь лістом да Лукашэнкі, каб ён вызваліў яе.

«Я тады таксама вагалася. Гэта быў адзіны раз, калі я мела магчымасьць пабачыць Анджэя ў зьняволеньні. Я сказала яму, што маё здароўе ня вытрымае... Анджэй Пачобут ехаць катэгарычна адмовіўся. Ён сказаў мне трымацца. Я літаральна на момант убачыла яго. Гэта было два гады таму».

Пасьля 2020 году дзейнасьць СПБ спаралізаваная, польскія школы ў Беларусі закрытыя, многія мэмарыялы польскім жаўнерам зьнішчаныя. На пытаньне, ці мае польскасьць у Беларусі яшчэ шанец выжыць, Борыс адказала:

«Гэта не залежыць ад мяне і не залежыць ад польскай меншасьці. Хацелася б, каб як мага больш дзяцей вывучалі польскую мову, бо я па прафэсіі настаўнік польскай мовы. Я пачала клапаціцца пра польскую мову і культуру ў Беларусі ў 1992 годзе. Прайшоў некаторы час. Шмат чаго здарылася. Пандэмія, а цяпер і вайна ва Ўкраіне. Столькі пакут. Нам застаецца трымацца. У нас такія, а ня іншыя абставіны».

Як разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт

  • 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх консулаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
  • 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
  • 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
  • 12 сакавіка 2021 году на беларуска-польскай мяжы затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці» (частка 3 артыкул 130 КК). Яна знаходзіцца пад вартай.
  • 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул узяў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх консулаў.
  • 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
  • 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
  • 25 сакавіка затрымалі сяброў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
  • Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская знаходзяцца на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
  • 29 сакавіка стала вядома, што смаргонская пракуратура запрошвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.
  • 31 сакавіка праваабаронцы прызналі Борыс, Пачобута, Бярнацкую, Цішкоўскую, Панішаву палітвязьнямі.
  • 6 красавіка Лукашэнка выставіў Польшчы прэтэнзіі ў тым, што яе ўлады абвінавачваюць афіцыйны Менск у фальсыфікацыі выбараў, а таксама «падтрымліваюць здраднікаў і экстрэмістаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG