Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка: Рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць палякаў будуць узмацняцца


Павал Латушка. Архіўнае фота.
Павал Латушка. Архіўнае фота.

Зьняцьце абвінавачаньняў з кіраўніка неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі (СПБ) Анжалікі Борыс зьяўляецца вынікам ціску Польшчы на рэжым Аляксандра Лукашэнкі, заявіў Polskieradio24 намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэта (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка.

Разам з тым, паводле слоў палітыка, у цэлым «гэта не мяняе сытуацыі з выкананьнем правоў чалавека ў Беларусі і польскай меншасьці». Ён упэўнены, што рэпрэсіі супраць палякаў будуць узмацняцца.

«Сёньня кіраўнік Камітэта дзяржаўнай бясьпекі Іван Тэттэль заявіў, што ў апошнія дні нібыта за агентурную дзейнасьць у Беларусі былі затрыманыя некалькі грамадзян Польшчы разам з грамадзянамі... Літвы, Латвіі», — зьвярнуў увагу прадстаўнік АПК.

Латушка адзначыў: Тэртэль па выніках сустрэчы Лукашэнкі з кіраўніком Службы зьнешняй разьведкі Расеі Сяргеем Нарышкіным 4 красавіка ў Менску заявіў пра «жорсткую рэакцыю на любыя антыбеларускія — у яго разуменьні — дзеяньні польскага боку». Нарышкін, у сваю чаргу, сказаў, што «Польшча рыхтуе плян анэксіі Заходняй Украіны».

«Мы бачым, што гэтая скаардынаваная дзейнасьць спэцслужбаў Беларусі і Расеі скіравана супраць Польшчы, — сказаў ён. — З аднаго боку Лукашэнка дэманструе сваю велікадушнасьць беларусам, памілаваўшы аднаго чалавека. З іншага, гэта гульня, накіраваная на грамадзтва, каб сфармаваць у беларусаў вобраз Польшчы як магчымага агрэсара ў дачыненьні і да Ўкраіны, і да Беларусі, як варожай беларусам краіны».

Палітык заявіў, што, «становішча польскіх грамадзян у Беларусі пагаршаецца», таму рэкамэндаваў палякам не наведваць яе «найбліжэйшым часам».

Латушка нагадаў пра зьнішчэньне польскіх могілак, затрыманьні прадстаўнікоў польскай меншасьці, скарачэньне магчымасьцяў вывучэньня польскай мовы ў Беларусі, працяг гібрыднай агрэсіі з выкарыстаньнем нелегальных мігрантаў, пляны па разьмяшчэньні ядзернай зброі.

«Лукашэнка не мяняе сваю антыпольскую прапаганду. Ён і яго падначаленыя пастаянна агучваюць антыпольскую рыторыку», — канстатаваў ён.

Кажучы пра пэрспэктывы вызваленьня журналіста і актывіста СПБ Анджэя Пачобута, палітык адзначыў, што «працяг моцнага ціску» у доўгатэрміновай пэрспэктыве прымусіць рэжым Лукашэнкі «пайсьці ў адстаўку і выпусьціць больш людзей, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах».

«Практыка неаднаразова паказвала, што пад моцным ціскам Лукашэнка саступае», — заявіў прадстаўнік АПК.

Як разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт

  • 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх консулаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
  • 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
  • 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
  • 12 сакавіка 2021 году на беларуска-польскай мяжы затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці» (частка 3 артыкул 130 КК). Яна знаходзіцца пад вартай.
  • 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул узяў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх консулаў.
  • 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
  • 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
  • 25 сакавіка затрымалі сяброў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
  • Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская знаходзяцца на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
  • 29 сакавіка стала вядома, што смаргонская пракуратура запрошвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.
  • 31 сакавіка праваабаронцы прызналі Борыс, Пачобута, Бярнацкую, Цішкоўскую, Панішаву палітвязьнямі.
  • 6 красавіка Лукашэнка выставіў Польшчы прэтэнзіі ў тым, што яе ўлады абвінавачваюць афіцыйны Менск у фальсыфікацыі выбараў, а таксама «падтрымліваюць здраднікаў і экстрэмістаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG