У ім рэдакцыя паведамляе, што вымушаная спыніць спыніць выпуск друкаванай газэты, а таксама ня можа працягваць працу на электронных пляцоўках.
«Рэдакцыя больш ня зможа, на вялікі жаль, парадаваць вас цікавымі і карыснымі матэрыяламі, парадавацца вашым посьпехам, паспрабаваць разам знайсьці рашэньні тых праблем, зь якімі вы сутыкаецеся. (...)
Пра гэта балюча казаць. Пра гэта можна казаць толькі са сьлязамі на вачах, суцяшаючы адзін аднаго тым, што мы стараліся працаваць, як казалі і самі чыноўнікі (асабліва пасьля сыходу са сваіх пастоў), прафэсійна», — гаворыцца ў звароце рэдакцыі.
У ім рэдакцыя падкрэсьлівае, што журналісты выданьня «не займаліся прапагандай і ўсхваленьнем каго б там ні было», «вядома ж, недзе памыляліся, але заўсёды вучыліся і стараліся быць неперадузятымі».
«У нас была клясная каманда, якая расла прафэсійна, проста жыла газэтай і мела свайго чытача, які ўмеў думаць, плаціў узаемнай адданасьцю, які падказваў, крытыкаваў, які не быў абыякавы да ўладкаваньня Случчыны, які радаваўся посьпехам нашай Беларусі», — такімі словамі заканчваецца зварот рэдакцыі.
- «Інфа-Кур’ер» — недзяржаўнае грамадзка-палітычнае выданьне ў Слуцку, выходзіць на паперы і ў інтэрнэце.
- 15 сакавіка ў рэдакцыі газэты прайшлі ператрусы. Падчас вобшуку сілавікі забралі з рэдакцыі ўсю асноўную тэхніку. Наклад газэты, які пасьпеў выйсьці напярэдадні ўжо адмовіліся прымаць крамы Белсаюздруку.
- Пасьля ператрусу затрымалі галоўнага рэдактара і ўладальніка газэты Сяргея Станкевіча, а таксама яго намесьніка Алега Рубчэню. Ім прысудзілі па 15 дзён адміністрацыйнага арышту, яны выйшлі на волю 7 красавіка.
- 7 красавіка стала вядома, што суд Партызанскага раёну Менску прызнаў усю прадукцыю слуцкай газэты «Інфа-курʼер», а таксама старонкі выданьня ў сацсетках «экстрэмісцкімі».