Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва вырашыла падаць пазоў супраць Беларусі за правакаваньне мігранцкага крызісу ў міжнародны суд


Нацыянальныя сьцягі Літвы і Беларусі ў Дзень Волі. Вільня, 25 сакавіка 2023
Нацыянальныя сьцягі Літвы і Беларусі ў Дзень Волі. Вільня, 25 сакавіка 2023

Мэта пазову — кампэнсацыя шкоды літоўскаму боку, якую краіна зазнала ад міграцыйнага крызісу, справакаванага менскім рэжымам.

Урад Літвы ўхваліў ініцыятыву Міністэрства юстыцыі краіны аб прыцягненьні беларускіх уладаў да адказнасьці за незаконны ўвоз мігрантаў, бо, на думку Вільні, гэта робіцца па ўказцы Менску. Пра гэта 5 красавіка паведамляе Мін'юст Літвы.

Беларусі будзе выстаўлены пазоў за невыкананьне палажэньняў Пратакола аб незаконным увозе мігрантаў па сушы, моры і паветры, які дапаўняе Канвэнцыю ААН супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасьці. Міністэрства юстыцыі ЛІтвы пачне перамовы аб перадачы спрэчкі ў арбітраж ці Міжнародны суд:

«Дыктатары ня маюць імунітэту ад міжнароднага права. Пасьля Пуціна настала чарга рэжыму Лукашэнкі ўзяць на сябе адказнасьць», — заявіла міністар юстыцыі Літвы Эвэліна Дабравольская.

Мэта пазову — кампэнсацыя шкоды літоўскаму боку, якую краіна панесла ад міграцыйнага крызісу.

Па словах міністра ўнутраных спраў Агне Білатайце, Літва робіць вельмі важны і неабходны крок, ініцыюючы ў Міжнародным судзе справу супраць беларускага рэжыму ў сувязі зь міграцыйным крызісам. На яе думку, так Літва ня толькі абароніць свае інтарэсы, але і прыцягне ўвагу міжнароднай супольнасьці да парушэньняў правоў чалавека, учыненых уладамі Беларусі:

«Каб абараніцца ад гібрыднай атакі, арганізаванай рэжымам Лукашэнкі з выкарыстаньнем нелегальных мігрантаў, мы выкарыстоўвалі ўсе магчымыя інструмэнты — ад пабудовы фізычнага барʼера, усталяваньня на мяжы самых сучасных сыстэм маніторынгу, да зьменаў у міграцыйную палітыку Эўразьвязу. Прававы барʼер ня менш важны, чым фізычны», — падкрэсьліла яна.

Міграцыйны крызіс пачаўся на фоне пагаршэньня адносін паміж Беларусьсю і Літвой, Латвіяй і Польшчай вясной 2021 года. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальных мігрантаў у краіны Эўразьвязу, таму што праз санкцыі «у нас на гэта няма ні грошай, ні сіл».

Для барацьбы з плынямі мігрантаў Літва, Латвія і Польшча пабудавалі загароды на мяжы зь Беларусьсю. Таксама Літва, Латвія і Польшча прынялі рашэньне не ўпускаць мігрантаў на сваю тэрыторыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG