Былы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 4 красавіка паўстане перад судом у Нью-Ёрку праз крымінальнае абвінавачаньне.
Трамп, які пасьля адстаўкі з пасады прэзыдэнта жыве ў сваім маёнтку ў Флорыдзе, прыляцеў у Нью-Ёрк у панядзелак 3 красавіка.
У чым вінавацяць
Справа былога прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які зноў вылучыў сваю кандыдатуру на выбары 2024 года, зьвязана з выплатай у 2016 годзе порнаактрысе Стормі Дэніэлс 130 тысяч даляраў за маўчаньне аб магчымых сэксуальных адносінах з Трампам.
Абвінавачаньне ў асобе акруговай пракуратуры Манхэтэна лічыць, што Трамп парушыў выбарчае заканадаўства, выкарыстаўшы грошы выбарчага фонду.
У абвінавачаньні фігуруюць яшчэ каля 30 эпізодаў парушэньняў фінансавага характару, аднак, паводле законаў штату Нью-Ёрк, яны не падпадаюць пад катэгорыю крымінальных злачынстваў.
Абвінавачаньні зьяўляюцца вынікам аднаго зь некалькіх расьсьледаваньняў паводзінаў Трампа. У штаце Джорджыя акруговы пракурор Фултану высьвятляе, ці не спрабаваў ён аказаць ціск на дзяржаўных чыноўнікаў, каб схіліць штат у сваю карысьць на выбарах 2020 году. Фэдэральны спэцыяльны пракурор разглядае справу аб знойдзеных у яго сакрэтных дакумэнтах і яго ўдзеле ў беспарадках у Капітоліі ЗША 6 студзеня 2021 году, якія мелі на мэце заблякаваць сэртыфікацыю галасаваньня.
Што гаворыць сам Трамп і яго адвакаты
Колішні прэзыдэнт Злучаных Штатаў назваў разбор наўмысным крокам, накіраваным на паражэньне яго заяўкі на вылучэньне ад рэспубліканцаў у прэзыдэнты ў 2024 годзе.
Трамп і яго адвакаты адмаўляюць віну і сам факт злачынства, называючы тое, што адбываецца «палітычным перасьледам» былога прэзыдэнта-рэспубліканца. Дэмакраты адмаўляюць, што гаворка ідзе пра палітычную справу.
Як пройдзе суд
Судовыя слуханьні прызначаныя 4 красавіка на 14:15 па мясцовым часе (21:15 у Менску). Трамп ня будзе затрыманы і дастаўлены ў суд у кайданках, бо ён добраахвотна зьявіцца ў суд. Тым ня менш у судзе яго чакае стандартная працэдура высьвятленьня асобы, зьняцьця адбіткаў пальцаў і фатаграфаваньня.
У судзе, як чакаецца, абвінавачаньні будуць зачытаныя ўголас, пасьля чаго Трампа спытаюць, ці лічыць ён сябе вінаватым. Пасьля гэтага судзьдзя Хуан Мэрчан вызначыць дату наступных слуханьняў. Хутчэй за ўсё, яны адбудуцца не раней як празь некалькі месяцаў. У залу суду дапусьцяць фатографаў шэрагу СМІ, але відэаздымка не дазволеная. 3 красавіка адвакаты Трампа заклікалі судзьдзю Хуана Мэрчана забараніць выкарыстаньне фота- і відэакамэр у залі суду, а таксама радыётрансьляцыю пасяджэньня, на якім палітыку могуць выставіць афіцыйныя абвінавачаньні.
Тэарэтычна судзьдзя можа распарадзіцца ўзяць Трампа пад варту, але гэта малаверагодна. Хутчэй за ўсё, як адзначае AP, яго адпусьцяць да наступных слуханьняў нават без унясеньня закладу. Трамп ужо заявіў аб плянах вярнуцца вечарам у аўторак у Нью-Ёрк і выступіць перад сваімі прыхільнікамі. Выстаўленьне абвінавачаньняў не перашкаджае ягонай выбарчай кампаніі.
Што адбываецца ў Нью-Ёрку
Перад судом у Нью-Ёрку ўжо сабраліся шматлікія прыхільнікі Трампа. Справу разьбірае акруговы пракурор Мангэтэну Элвін Брэг.
У Нью-Ёрку ўвялі ўзмоцненыя меры бясьпекі, чакаюцца дэманстрацыі прыхільнікаў Трампа. Самі яны заяўляюць, што будуць пратэставаць мірна.
Мэр Нью-Ёрку Эрык Адамс папярэдзіў прыхільнікаў Дональда Трампа аб неабходнасьці паводзіць сябе мірна, заявіўшы, што ход працэсу ня будзе парушаны. Былі разгорнуты барыкады, і Дэпартамэнт паліцыі накіраваў загад аб гатоўнасьці прыкладна 35 000 афіцэрам, піша The New York Times.
Дзейны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў толькі, што спадзяецца на тое, што паліцэйскі дэпартамэнт справіцца з сваімі абавязкамі і не дапусьціць бясчынстваў, калі нехта паспрабуе іх учыніць.