Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Армяне і беларусы заслугоўваюць жыць у свабодзе». Ціханоўская ў Капэнгагене сустрэлася з Пашынянам і шэрагам эўрапейскіх лідараў


Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Армэніі Ніколам Пашынянам.
Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Армэніі Ніколам Пашынянам.

На палях саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці (ЭПС) у Капэнгагене (Данія) лідэрка беларускіх дэмакратычыных сілаў Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Армэніі Ніколам Пашынянам, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

«Мы цьвёрда падтрымліваем эўрапейскую і дэмакратычную будучыню Армэніі, — напісала палітык 4 кастрычніка на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х. — Армяне і беларусы заслугоўваюць жыць у свабодзе і бясьпецы. Мы вельмі шануем вашу салідарнасьць і з нецярпеньнем чакаем больш шчыльнай супрацы».

У апошнія гады стасункі паміж афіцыйным Менскам і Эрэванам значна пагоршыліся. Прычынай таму стаў апошні карабахскі вайсковы канфлікт з Азэрбайджанам (першая фаза — канец 2020-га, другая — канец 2023-га), у выніку якога непрызнаная Нагорна-Карабахская Рэспубліка, якая падтрымлівалася Армэніяй, спыніла існаваньне, а тэрыторыі перайшлі пад кантроль Баку.

Эрэван, які стаяў ля вытокаў стварэньня Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бясьпецы, папракнуў вайскова-палітычны блёк у бязьдзейнасьці ў гэтай сытуацыі. Больш за тое, паводле сьцьвярджэньня Пашыняна, некалькі краін АДКБ фактычна дапамагалі Баку. Не назваўшы гэтыя дзяржавы наўпрост, армянскі прэм’ер недвухсэнсоўна намякнуў, што адна з іх — Беларусь.

У далейшым краіна фактычна спыніла ўдзел у дзейнасьці АДКБ, не выходзячы з яе, але паведаміўшы пра такую магчымасьць, а Пашынян заявіў, што ні ён, ані іншыя прадстаўнікі краіны не прыедуць у Беларусі да тае пары, пакуль Аляксандр Лукашэнка ва ўладзе. Апошні неаднаразова сваімі дзеяньнямі і заявамі пацьвярджаў, што падтрымлівае Азэрбайджан і гатовы дапамагчы яму з аднаўленьнем здабытых тэрыторый.

У студзені 2025 года ўрад Армэніі ўхваліў, у лютым парлямэнт прыняў, а ў красавіку прэзыдэнт Ваагн Хачатуран падпісаў закон «Аб пачатку працэсу ўступленьня Рэспублікі Армэнія ў Эўрапейскі Зьвяз».

8 жніўня 2025 года пры пасярэдніцтве ЗША Пашынян і азэрбайджанскі прэзыдэнт Ільхам Аліеў падпісалі дэклярацыю пра мірныя стасункі.

  • 3 і 4 кастрычніка Ціханоўская паведаміла таксама пра шэраг сустрэч з эўрапейскімі лідэрамі на палях саміту ЭПС. Кіраўніку Эўракамісіі Урзуле фон дэр Ляен яна падзякавала за «абяцаньне выдзеліць 3 млрд эўра на падтрымку рэформ у Беларусі пасьля дэмакратычных зьмен». «Гэта дапаможа нам стабілізаваць эканоміку і наблізіцца да стандартаў ЭЗ. Дэмакратычныя зьмены ў Беларусі непазьбежныя», — адзначыла яна.
  • Генэральнаму сакратару Рады Эўропы Алену Берсэ беларускі палітык падзякавала за «размову на [саміте]
  • ЭПС». «Мы павінны ўмацоўваць супрацу паміж Радай Эўропы ды нашымі дэмакратычнымі сіламі. Кантактная група ўжо шмат чаго дамаглася, але наперадзе яшчэ больш працы. Беларусь вернецца ў Раду Эўропы. Нам трэба больш Эўропы ў Беларусі і больш Беларусі ў Эўропе», — падкрэсьліла палітык.
  • Па выніках сустрэчы з прэм’ерам Ірляндыі Міхолам Марцінам лідэрка адзначыла, што гэтая краіна «займае асаблівае месца» у яе сэрцы (у падлеткавым узросьце Ціханоўская пэўны час жыла ў Ірляндыі ў рамках праграмы «Дзеці Чарнобыля»). «Кранальна бачыць салідарнасьць, якую гэтая краіна праяўляе ў дачыненьні да беларусаў. На саміце ЭПС я падзякавала <...Марціну за падтрымку і абмеркавала далейшую супрацу, у тым ліку ў культурніцкай сфэры», — напісала яна.
  • Кіраўніку ўрада Фінляндыі Петэры Орпа палітык падзякавала за «рашучую падтрымку беларусаў — праз гуманітарны фонд, прызначэньне спэцыяльнага пасланьніка для супрацы з дэмакратычнымі сіламі ды іншыя захады».
  • 2 кастрычніка палітык правяла на палях саміту ЭПС кароткія сустрэчы з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам, прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, прэм’ер-міністрам Швэцыі Ульфам Крыстэрсанам, прэзыдэнтам Румыніі Нікушорам Данам, прэм’ер-міністрам Нарвэгіі Ёнасам Гарам Сторэ, прэм’ер-міністрам Баўгарыі Расенам Жалязковым, прэзыдэнтамі Францыі Эманюэлем Макронам, Малдовы Маяй Санду, і Косава В’ёсай Асмані, прэм’ер-міністрам Ісландыі Крыструн Фростадоўцір.
  • Акрамя таго, адбыліся сустрэчы са старшынёй Эўрапейскага савета Антоніу Коштам, вярхоўным прадстаўніком ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Каяй Калас, кіраўніком Эўрапарлямэнта Рабэртай Мецолай, канцлерам Аўстрыі Крысціянам Штокерам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG