Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэхіі завяршылася галасаваньне на выбарах, у якіх можа перамагчы партыя экс-прэм’ера Бабіша


Прэм’ер-міністар Чэхіі Пэтр Фіяла (справа) і лідэр партыі ANO Андрэй Бабіш удзельнічаюць у тэлевізійных дэбатах перад выбарамі, 1 кастрычніка, Прага, Чэхія
Прэм’ер-міністар Чэхіі Пэтр Фіяла (справа) і лідэр партыі ANO Андрэй Бабіш удзельнічаюць у тэлевізійных дэбатах перад выбарамі, 1 кастрычніка, Прага, Чэхія

У Чэхіі скончылася двухдзённае галасаваньне на парлямэнцкіх выбарах, якія, імаверна, прывядуць да зьмены ўраду.

Выбарчыя ўчасткі зачыніліся а 15:00 4 кастрычніка. Вынікаў галасаваньня чакаюць цягам некалькіх гадзін.

Большасьць апытаньняў перад выбарамі паказвалі, што мільярдэр Андрэй Бабіш і яго папулісцкая партыя ANO перамогуць на парлямэнцкіх выбарах, набраўшы каля 30% галасоў. Мільярдэр-папуліст Бабіш у сваёй кампаніі засяроджваўся на абяцаньнях павысіць заробкі і стымуляваць рост эканомікі, а таксама на спыненьні вайсковай дапамогі Ўкраіне.

Пры гэтым, нават калі партыя Бабіша пераможа на выбарах, ёй амаль напэўна давядзецца дамаўляцца пра кааліцыю з маргінальнымі партыямі, што наблізіць краіну да Вугоршчыны Віктара Орбана і Славаччыны Робэрта Фіцы ў стаўленьні да Ўкраіны і можа прывесьці да спыненьня дапамогі Кіеву і зьмяншэньня энтузіязму наконт удзелу Чэхіі ў заходніх інстытуцыях.

Цяперашні правацэнтрысцкі кааліцыйны ўрад прэм’ер-міністра Пэтра Фіялы аказаў Украіне значную гуманітарную і вайсковую дапамогу, але многія выбарнікі вінавацяць яго ў ігнараваньні ўнутраных праблемаў краіны.

Згодна з апытаньнямі, Spolu («Разам»), альянс правацэнтрысцкіх партыяў, у які ўваходзяць «Грамадзянскія дэмакраты» дзейнага прэм’ера Фіялы, можа набраць каля 20 працэнтаў галасоў, у той час як іншыя партыі цяперашняга празаходняга кааліцыйнага ўраду Stan («Старасты і незалежныя») і «Піраты», паводле прагнозаў, атрымаюць па 10–12 працэнтаў кожная.

Усе гэтыя партыі заявілі, што не зацікаўленыя ў стварэньні кааліцыі з ANO або нават у падтрыманьні яе галасамі для прыняцьця законаў як аднапартыйнага ўраду меншасьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG