Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шантаж няпэўнасьцю. Ці абверг Пяскоў Лукашэнку?


Тое, як рэагаваў Пяскоў на словы Лукашэнкі пра ядзерную зброю ў Беларусі як «нашую», нібыта не пачуўшы іх, дапускае вэрсію дадатковага шантажу Захаду няпэўнасьцю, хто ж будзе прымаць рашэньне аб ужываньні ядзернай зброі ў Беларусі.

«Хто будзе кантраляваць ядзерную зброю, якую Расея зьбіраецца разьмясьціць у Беларусі?» — спыталіся сёньня ў прэсавага сакратара расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Пяскова. «Глядзіце тлумачэньне Пуціна», — параіў у адказ Пяскоў. Ці азначае гэта, што прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі абверг сьцьвярджэньне Лукашэнкі пра тое, што тактычныя ядзерныя ракеты будуць пад ягоным кантролем?

Пуцін у сваёй заяве 25 сакавіка пра разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі сказаў, што яна застанецца пад кантролем Расеі.

А Лукашэнка 31 сакавіка ў штогадовым пасланьні нават двойчы сказаў: «Кіраваць усім, што ёсьць у Беларусі, будзем мы тут, гэта наша зброя».

Пікантна, што ў той жа дзень, 31 сакавіка, на пасяджэньні Рады бясьпекі ААН прадстаўнікі і Расеі, і Беларусі ў адзін голас заявілі, што ядзерная зброя, уведзеная ў Беларусь, застанецца пад расейскім кантролем.

Хтосьці, відавочна, гаворыць няпраўду. Але ці абавязкова гэта менавіта Лукашэнка? А Пуцін, Пяскоў і іншыя гавораць праўду?

Варта зьвярнуць увагу на тое, што Пяскоў не абверг Лукашэнку, не сказаў, што той памыляецца. На словы Лукашэнкі ён ніяк не адрэагаваў, паўтарыўшы раней выкладзеную пазыцыю Крамля.

Хутчэй за ўсё, заява Лукашэнкі была адрасаваная беларусам, ягоным прыхільнікам у Беларусі — маўляў, вось які я магутны, ужо і ядзерную зброю мне далі расейцы, і яна цяпер мая.

Але тое, як рэагаваў на яго словы Пяскоў, нібыта не пачуўшы іх, дапускае і вэрсію дадатковага шантажу Захаду няпэўнасьцю, хто ж будзе прымаць рашэньне аб ужываньні ядзернай зброі ў Беларусі. Пяскоў нібыта гаворыць: «Пуцін кажа, што ён. А Лукашэнка — што ён. А вы, шаноўныя заходнія партнэры, думайце, вырашайце, хто ж зь іх хлусіць. А можа, і сапраўды, Крэмль гатовы (хай і ў пэўных абставінах) перадаць права на прыняцьцё рашэньня свайму саюзьніку. Вы ж гаворыце, што Расея парушыла ўсе правілы. Чаму вы думаеце, што яна не гатовая парушыць і гэтае правіла, схлусіўшы вам у вочы? На вайне як на вайне, ваенную хітрасьць ніхто не адмяняў».

Наўрад ці такі шантаж няпэўнасьцю будзе мець вялікі плён. Лукашэнку на Захадзе ўсё ж збольшага ўспрымаюць як марыянэтку Крамля. Пры гэтым лічаць, што менавіта ў пытаньні разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі ён ужо пэўна і дакладна проста выконвае загады Масквы. Што, дарэчы, не абавязкова так. Але дамінуючая думка на Захадзе менавіта такая, і расповеды Лукашэнкі ў пасланьні пра «нашу зброю» там, хутчэй за ўсё, успрынялі адно як пустую пахвальбу і фанфаронства.

Але што губляюць Лукашэнка і Крэмль, гуляючы ў гэтую няпэўнасьць? З таго, што яшчэ не згубілі раней, — ужо нічога. А раптам дадатковы шантаж няпэўнасьцю хоць на некага паўзьдзейнічае, прымусіць зьмякчыць сваю пазыцыю? Ну, а не дык не — абвяргаць наўпрост яны адзін аднаго ня будуць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG