Адпаведныя ўказы апублікаваныя на сайце Зяленскага. У сьпісе, прыкладзеным да аднаго зь іх — 225 расейскіх кампаній і 33 фізычныя асобы — грамадзяне Расеі. У іншым указе ўказана, што, згодна з рашэньнем РНБА Ўкраіны, санкцыі прымяняюцца супраць 240 грамадзян Расеі, чацьвёра зь якіх таксама грамадзяне Украіны.
Сярод іншага, пад санкцыі трапіў экс-кіраўнік «Мотор Січ», былы акцыянэр Аршанскага авіярамонтнага заводу Вячаслаў Багуслаеў, абвінавачаны ва Ўкраіне ў дзяржаўнай здрадзе. Украінская карпарацыя «Мотор Січ» празь Беларусь супрацоўнічала з буйнымі вайсковымі прадпрыемствамі Ірану. На адным зь іх вырабляліся дроны, якімі цяпер Расея атакуе ўкраінскія гарады.
Таксама санкцыі ўвялі супраць Савета фэдэрацыі, Міністэрства фінансаў РФ, Фэдэральнай службы бясьпекі і Фэдэральнай службы аховы Расеі, кіраўнікоў шэрагу расейскіх рэгіёнаў, чальцоў Цэнтравыбаркаму і расейскіх вайскоўцаў, уключаючы начальніка ракетных войскаў Міхаіла Мацьвееўскага і камандуючага ракетнымі войскамі стратэгічнага прызначэньня Расіі Сяргея Каракаева, супраць прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу, прыборабудаваньня, радыёэлектронікі.
Абмежаваньні ўводзяцца на 10 гадоў і прадугледжваюць, у прыватнасьці, блякаваньне актываў і гандлёвых апэрацый, транзыту і перавозак праз тэрыторыю Украіны, забарону на прыватызацыю і куплю зямлі, перадачу тэхналёгій і правоў на інтэлектуальную ўласнасьць.
У мінулым месяцы Зяленскі ўвёў у дзеяньне новыя санкцыі РНБА супраць букмэкерскіх кампаній, заявіўшы, што гэтае рашэньне «закрывае схемы на дзясяткі мільярдаў».