«Яго чарговы раз зьмясьцілі ў штрафны ізалятар бяз дай прычыны. Міхаіл адбыў сем сутак ШЫЗА за тое, што „ня так прадставіўся“ канвойнаму. Ён выйшаў з ШЫЗА 21 сакавіка. Праз тры дні яго зноў пакаралі ШЫЗА на 10 дзён — толькі за тое, што ён патрабаваў сустрэчы з натарыюсам, каб вырашыць нейкія свае праблемы», — паведаміла крыніца.
Паводле крыніцы, Міхаіл абвясьціў сухую галадоўку на знак пратэсту супраць незаконнага зьмяшчэньня ў штрафны ізалятар: «Яшчэ адзін палітзьняволены, малады хлопец, нядаўна сігануў у барысаўскай калёніі з другога паверху. Цяпер ён увесь паламаны, знаходзіцца ў шпіталі».
Па словах суразмоўцы Свабоды, выкінуўся з другога паверху Ўладзімер Іпатаў, асуджаны па «палітычным» артыкуле. «Цяпер ён у шпіталі ў Барысаве з траўмай хрыбта», — дадала крыніца.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» адзначае, што ў ПК №14 свае тэрміны адбываюць пяць палітвязняў, сярод якіх шматдзетны бацька Зьміцер Дашкевіч.
Ня ўсе асуджаныя паводле палітычных матываў унесеныя ў сьпіс палітвязьняў: пра многіх зь іх у праваабаронцаў няма інфармацыі, таксама нямала выпадкаў, калі сваякі асуджанага супраць публічнасьці.
- Міхаіла Зубкова затрымалі 29 кастрычніка 2021 году ў маскоўскім мэтро. Яго спынілі для праверкі пашпарта, і высьветлілася, што беларус у вышуку. Пазьней стала вядомая прычына затрыманьня. У 2020 годзе Міхаіл Зубкоў удзельнічаў у маршах пратэсту ў Гомлі, яго затрымліваў АМАП. Тады мужчына правёў 15 дзён у ІЧУ. Больш да яго прэтэнзій з боку міліцыі не было, і Міхаіл паехаў на працу ў Маскву.
- 3 траўня 2022 году Эўрапейскі суд правоў чалавека забараніў расейскім уладам экстрадаваць Зубкова, ягоная адвакатка Роза Магамедава апавясьціла пра гэта дзяржорганы. Зубкова павінны былі вызваліць — тэрмін арышту мінаў 14 траўня 2022. Тым ня менш а 10-й раніцы 13 траўня 2022 яго сілком экстрадавалі ў Беларусь.
- Суд Цэнтральнага раёну Гомля 18 жніўня 2022 году прызнаў Міхаіла Зубкова вінаватым у гвалце і пагрозах яго ўжываньня ў дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і прызначыў пакараньне ў выглядзе трох гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі агульнага рэжыму.