Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта спроба запалохаць Захад». Экспэрт у бясьпецы аналізуе заяву Пуціна пра вяртаньне ядзернай зброі ў Беларусь


Падрыхтоўка да адпраўленьня зь Беларусі ў Расею ракетнага комплексу стратэгічнага прызначэньня «Топаль» зь міжкантынэнтальнай балістычнай ракетай. Лідзкі раён, 26 лістапада 1996 году
Падрыхтоўка да адпраўленьня зь Беларусі ў Расею ракетнага комплексу стратэгічнага прызначэньня «Топаль» зь міжкантынэнтальнай балістычнай ракетай. Лідзкі раён, 26 лістапада 1996 году

Якія наступствы будзе мець рашэньне Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі? Як гэты крок паўплывае на сувэрэнітэт Беларусі? На гэтыя пытаньні Радыё Свабода адказвае дырэктар праграмы «Ўсходняга партнэрства» ЭЗ і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных адносінаў Аркадзь Мошэс.

  • 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю. Пра гэта 25 сакавіка паведаміў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.
  • Яшчэ летась Лукашэнка заяўляў, што шэраг самалётаў беларускіх ВПС пераабсталявалі і яны могуць несьці ядзерныя ракеты. Пуцін сёньня удакладніў, што такіх самалётаў дзесяць.

— Пуцін заявіў, што зброю Беларусі Расея не перадасьць, але разьмясьціць сваю на тэрыторыі гэтай краіны. У пэўным сэнсе пяройдзены Рубікон. Які? Якія наступствы можа мець гэты крок?

Аркадзь Мошэс
Аркадзь Мошэс

— Гэта яшчэ адно рашэньне ў шэрагу нелягічных крокаў Расеі ў сфэры ваеннай палітыкі. Мы бачылі шмат такіх крокаў за апошнія гады.

Я да апошняга часу ня думаў, што такое рашэньне будзе прынятае. Бо прасоўваць ядзерную зброю бліжэй да межаў NATO сэнсу вялікага ня мае, бо ў Расеі ёсьць Калінінградзкая вобласьць і гэтую зброю можна разьмясьціць і там, не ўводзячы ў гульню яшчэ адну дзяржаву. Асаблівага ваеннага і ваенна-палітычнага сэнсу ў цяперашнім рашэньні я ня бачу.

Але тое, што яно ўсё ж было прынятае, сьведчыць аб тым, што ў Крамлі пануюць калі не панічныя, дык нэрвовыя настроі. Крэмль усьвядоміў, што яго пагрозы ўжыць ядзерную зброю пачынае нагадваць вядомую казку пра хлопчыка, які крычаў «Воўк, воўк!». Але ў казцы ваўкі нарэшце прыйшлі. Тут хутчэй за ўсё ня прыйдуць. Але гэта — спроба разгайдаць, дэстабілізаваць сытуацыю. Напалохаць тых людзей на Захадзе, якія схільныя палохацца.

Аднак я думаю, што ў сэнсе запалохваньня Захаду гэтая мера вялікага эфэкту мець ня будзе.

Што тычыцца беларуска-расейскіх адносінаў, то пакуль у Менску не зьяўляецца права «другога ключа», права ўдзельнічаць у прыняцьці рашэньняў аб ужываньні гэтай зброі, эфэкт будзе мінімальным.

Зразумела, беларуская прапаганда зробіць з гэтага карцінку, паводле якой Беларусь робіцца хіба не такой жа ўплывовай ядзернай дзяржавай, як Расея.

— А як гэта паўплывае на незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі? Паколькі гэтай зброяй будуць кіраваць расейцы і рашэньне яе ўжываць прымаць таксама будуць яны, то ад Лукашэнкі будзе яшчэ менш залежыць таго, што будзе адбывацца на яго тэрыторыі.

— Гэта відавочна. Калі сховішчы для ядзернай зброі пачалі будаваць пэўны час таму, то кропкі над І былі насамрэч расстаўленыя яшчэ раней. Па вялікім рахунку, Лукашэнку, магчыма, ніхто пра гэтыя крокі і не пытаецца.

Упершыню пра магчымасьць вяртаньня ядзернай зброі ў Беларусі Лукашэнка заявіў у лістападзе 2021 году ў інтэрвію расейскаму прапагандысту Дзьмітрыю Кісялёву. Потым у 2022 годзе ён паўтарыў гэта некалькі разоў. А на канстытуцыйным рэфэрэндуме 2022 году з Канстытуцыі прыбралі пункт аб імкненьні да безьядзернага статусу. Лукашэнка загадзя рыхтаваўся да таго, што адбылося сёньня?

— Знаходзячыся ў вайсковым саюзе з Расеяй, было ўсё больш складана захоўваць нават фармальнае імкненьне да безьядзернасьці. Да 2020 году Лукашэнка мог гандлявацца з Захадам жаданьнем Расеі разьмесьціць ядзерную зброю ў Беларусі. Маўляў, бачыце, Крэмль на мяне цісьне, можа, вы мне што-небудзь дадзіце, а я буду гэтым плянам супраціўляцца. Але пасьля 2020 году, пасьля захопу самалёту, пасьля міграцыйнага крызісу, пасьля ўступленьня ў вайну масты з Захадам былі спаленыя. І гэтага фактара гандлю больш ужо няма.

Сёньня Пуцін сказаў, што падставай для перамоваў з Лукашэнкам пра разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі стала заява Вялікай Брытаніі аб перадачы Ўкраіне снарадаў са зьбедненым уранам, паколькі гэта «так ці інакш зьвязана з ядзернымі тэхналёгіямі». Пра тое ж днямі казаў і Лукашэнка, маўляў, у адказ на зброю са зьбедненага ўрану Расея дасьць Беларусі зброю з узбагачанага ўрану. Гэта сапраўдная прычына?

— Я мяркую, што прычына ня ў гэтым. На снарады са зьбедненым уранам Расея магла адказваць таксама снарадамі са зьбедненым уранам, балазе іх у яе хапае. Разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі зьвязанае з тым, што палоханьне ядзернай зброяй перастала працаваць. Таму Масква спрабуе паказаць, што яна не жартуе, не блефуе. Той, хто схільны спалохацца, спалохаецца. А той хто ня схільны — не спалохаецца. Тактычная ядзерная зброя — рэч непрыемная, але ёсьць вялікая псыхалягічная праблема зь яе ўжываньнем. Важны момант сытуацыі — якую рэакцыю ў Беларусі выкліча факт разьмяшчэньня на яе тэрыторыі ядзернай зброі, якую яна ніяк ня будзе кантраляваць. Пасьля Чарнобыля і ўсяго, што было зь Беларусьсю, я ня думаю, што гэта многія беларусы ўспрымуць на «ура».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG