Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што насамрэч адбылося ў Горадні. Вэрсіі ўладаў, былых сілавікоў, аналітыкаў


Каляж
Каляж

19 сакавіка ў Горадні былі чуваць выбухі і страляніна, зьяўлялася інфармацыя і пра затрыманьні. КДБ пазьней заявіў, што тэракт у Горадні хацеў учыніць тэрарыст з падробленым расейскім пашпартам.

Дзяржаўныя СМІ апублікавалі відэа нібыта захопу кватэры, дзе ён быў і, паводле КДБ, бараніўся пры дапамозе зброі. Лукашэнка назваў апэрацыю бліскучай. Што адбылося насамрэч? Сабралі інфармацыю ад уладаў і дзяржаўных СМІ, а таксама заявы аб’яднаньня былых сілавікоў ByPol і вэрсіі аналітыкаў.

КДБ распачаў крымінальную справу

КДБ завёў крымінальную справу па факце падрыхтоўкі да зьдзяйсьненьня акта тэрарызму, паведаміў дзяржтэлеканалу «Беларусь 1» афіцыйны прадстаўнік ведамства Канстанцін Бычак. На дзяржТВ паведамілі, што «ліквідаваны замежнік» — чалавек з падробленым расейскім пашпартам — Ламакін Аляксей Мікалаевіч 1981 году нараджэньня.

У «расьсьледаваньні» дзяржаўных СМІ гаворыцца, што з 24 па 28 лютага ён жыў у Магілёве, 1 сакавіка накіраваўся ў Менск, потым перабраўся ў Горадню і нібы адтуль зьбіраўся ўцякаць ва Ўкраіну.

Затрымалі ўладальніка кватэры і яго бацькоў

Уладальнік кватэры па вул. Курчатава, 5 Аляксандар Касьцевіч затрыманы КДБ, паведамляюць праваабаронцы з спасылкай на hrodna.life. На канале СТВ адзначылі, што яго прыцягвалі за ўдзел у акцыях пратэсту яшчэ ў 2010 годзе. Затрыманыя ягоныя бацькі. Па справе дапыталі 14 чалавек, якія размаўлялі з «тэрарыстам», паведамляюць дзяржаўныя СМІ.

ByPol лічыць падзеі інсцэніроўкай і называе імя меркаванага «тэрарыста»

ByPol лічыць, што адзіная праўда, якую сказаў КДБ, расказваючы пра нібыта ліквідацыю 19 сакавіка ў Горадні грамадзяніна Расеі Аляксея Ламакіна, які задумваў тэрарыстычныя акты — гэта тое, што пашпарт грамадзяніна Расеі падроблены.

Сам ByPol у ходзе правядзеньня праверкі нібыта атрымаў ад удзельнікаў пляну «Перамога» апэратыўную інфармацыю, што ніякага тэрарыста не існавала, а ўсе датычныя яго мерапрыемствы з боку КДБ — пастаноўка. Пры гэтым ByPol называе асобу, якая меркавана грала ў гэтай пастаноўцы галоўную ролю і, нібыта прымяняючы баявую гранату, загінула ў ходзе штурму.

Паводле ByPol, гэтым чалавекам мог быць дзейны супрацоўнік КДБ Аляксей Мікалаевіч Захараў, ураджэнец Гарадка Віцебскай вобласьці. Ён нібыта праходзіць службу ў апэратыўна-пошукавым аддзеле УКДБ па Віцебскай вобласьці ў службе вонкавага назіраньня.

Гэтая інсцэніроўка, паводле ByPol, праведзеная напярэдадні Дня Волі 25 сакавіка з мэтай застрашваньня беларусаў, якія працягваюць змагацца з рэжымам, а таксама для падняцьця аўтарытэту КДБ перад Лукашэнкам.

«Разборкамі сілавікоў» называе здарэньне былы супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі

Былы супрацоўнік адміністрацыі і Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Беларусі, палітоляг і дыплямат Анатоль Котаў лічыць, што афіцыйная вэрсія здарэньня ў Горадні — «суцэльны фэйк», заяўляе, што паміж сілавікамі нарастае барацьба і ўнутраная канкурэнцыя. Котаў выказвае думку, што Менск цяпер баіцца радыкальнага абвастрэньня ў адносінах з Захадам.

Экс-«алмазавец» Ігар Макар лічыць відэа КДБ пастаноўкай

У інтэрвію Свабодзе экс-супрацоўнік спэцпадразьдзяленьня МУС «Алмаз» Ігар Макар паставіў пад сумнеў сапраўднасьць гэтага відэа. Ён перакананы, што КДБ апублікаваў пастаноўку.

«Сытуацыя ў нечым нагадвае справу аб «змове» Зянковіча — Фядуты — Кастусёва», — аналітык Дракахруст

Паводле аналітыка Свабоды Юрыя Дракахруста, тая «змова» не была чыстай выдумкай, суб’ектыўна яе фігуранты дзейнічалі шчыра, але ўся ініцыятыва амаль ад пачатку знаходзілася пад кантролем беларускіх спэцслужбаў. Такой жа правакацыяй маглі быць і падзеі ў Горадні, лічыць Дракахруст. «Сытуацыя ў нечым нагадвае справу аб „змове“ Зянковіча — Фядуты — Кастусёва», — разважае ён.

Алег Талерчык: пачаўся транзыт улады, рыхтуюць Качанаву

Пра гэта ў эфіры Свабоды Premium расказвае экс-супрацоўнік Генпракуратуры Алег Талерчык. На думку Талерчыка, здарэньне, якое нібыта адбылося ў Горадні, можа быць правакацыяй спэцслужбаў, якая ўпісваецца ў працэс транзыту ўлады ў Беларусі.

«Узмацніўся ціск на патрыётаў Беларусі. Рэжым вынішчае ўсіх, хто здольны стаць на абарону незалежнасьці. Гэтыя жахі, пра якія яны паведамляюць, могуць быць працягам таго ланцуга, каб яшчэ больш заціснуць гайкі, каб яшчэ больш напалохаць. На маю думку, хутка мае адбыцца транзыт улады. І каб усё прайшло паводле іх сцэнару, яны яшчэ больш запужваюць грамадзтва, якое можа перашкодзіць гэтаму працэсу. Яны ўвялі зьмены ў Крымінальны кодэкс, ухвалілі сьмяротную кару за здраду дзяржаве. Гэта ўсё дзеля таго, каб аб'яднаць актыў, які ўмацоўвае рэжым, каб яны не вагаліся», — лічыць былы супрацоўнік Генпракуратуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG