Як паведамляе «Голас Амэрыкі», заява прагучала на наступны дзень пасьля таго, як прэм'ер-міністар Косава Альбін Курці заявіў 18 сакавіка, што вусная дамоўленасьць паміж Косавам і Сэрбіяй, дасягнутая пасьля 12-гадзіннай сустрэчы, гэта «прызнаньне дэ-факта» аўтаноміі Косава.
Тады лідэры Сэрбіі і Косава падтрымалі прапанаванае Эўразьвязам пагадненьне «Аб шляху да нармалізацыі адносін», але спатрэбяцца дадатковыя перамовы ў сакавіку, каб узгадніць усе дэталі яго прыняцьця і рэалізацыі, заявіў 18 сакавіка вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль.
Ён падкрэсьліў, што бакі пакуль толькі «выказалі гатоўнасьць пачаць рэалізацыю пагадненьня», але для гэтага «неабходна больш работы» і далейшыя перамовы. Паводле яго, і Сэрбія, і Косава паабяцалі не рабіць рэзкіх рухаў, якія могуць прывесьці да напружанасьці і паставіць пад пагрозу заключэньне пагадненьня.
Прэм’ер-міністар Косава Альбін Курці пасьля перамоваў заявіў, што быў гатовы падпісаць пагадненьне ўжо 27 лютага. Прэзідэнт Сэрбіі Аляксандр Вучыч запярэчыў, што гэта нерэалістычна і што неабходны далейшыя кансультацыі:
«Гэта доўгі, цяжкі працэс, — дадаў ён.— Я спадзяваўся, што мы зможам дамовіцца аб нейкіх кампрамісах, але спадар Курці ня быў да гэтага гатовы».
Пасьля перамоваў Бурэль паведаміў журналістам, што, паколькі бакі пагадзіліся з тэкстам пагадненьня, у ЭЗ вырашылі апублікаваць яго. Дакумэнт складаецца з 11 артыкулаў. У ім гаворыцца пра тое, што бакі дамовіліся «разьвіваць нармальныя, добрасуседзкія адносіны адзін з адным на аснове раўнапраўя», «прызнаць свае адпаведныя дакумэнты і нацыянальныя сымбалі», «вырашаць любыя спрэчкі паміж сабой выключна мірнымі сродкамі» і ня будуць блякаваць адзін аднаго на шляху ў Эўразьвяз.