Брыфінг быў прымеркаваны да XXX Менскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, якая пройдзе 22–26 сакавіка, піша BPN.
Сэрыю кніг пра генацыд беларускага народу Садоўская назвала «праектам, які рэалізаваны Генэральнай пракуратурай».
«Летась выйшла першая кніга — „Генацыд беларускага народу“. Было некалькі накладаў выдадзена. Сёлета выйшла кніга „Генацыд беларускага народу. Лягеры сьмерці“ .... У нас вельмі вялікая колькасьць заявак. Ад прадпрыемстваў, адміністрацыйны рэсурс, школы, бібліятэкі... У канцы сакавіка будзе гатовы яшчэ адзін наклад, цяпер ён у друкарні», — сказала прадстаўніца выдавецтва.
Кнігі, прысьвечаныя «генацыду беларускага народу», выходзяць у выдавецтве «Беларусь» з 2022 году. Напісаны яны пад рэдакцыяй генэральнага пракурора Андрэя Шведа, на заказ і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі. У анатацыі першай кнігі гаворыцца, што выданьне «ўключае даведачна-аналітычныя і дакумэнтальныя матэрыялы аб генацыдзе беларускага народу падчас Вялікай Айчыннай вайны, у пасьляваенны пэрыяд і выкарыстаньні нацысцкай ідэалёгіі ўдзельнікамі спробы дзяржаўнага перавароту ў Беларусі ў 2020 годзе (на падставе доказаў з крымінальных спраў і архіўных крыніц».
У 2021 годзе ў Беларусі прынялі закон «Аб генацыдзе беларускага народу». Згодна з дакумэнтам, пад гэтым тэрмінам разумеюцца «ўчыненыя нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі, нацыяналістычнымі фармаваньнямі ў пэрыяд Вялікай Айчыннай вайны і пасьляваенны пэрыяд злачынства, накіраваныя на плянамернае фізычнае зьнішчэньне беларускага народу шляхам забойства і іншых дзеяньняў, якія прызнаюцца генацыдам у адпаведнасьці з заканадаўчымі актамі».
Шэраг беларускіх гісторыкаў і экспэртаў аспрэчвае факт генацыду беларускага народу, лічачы, што ўлады выкарыстоўваюць гэтую тэму ў прапагандысцкіх мэтах.