Праўладныя крыніцы паведамілі, што сілавікі падчас аблавы ў Гомлі нібыта «выявілі сувязі замежных удзельнікаў экстрэмісцкіх фармаваньняў і прыцягнулі больш за дваццаць чалавек да адказнасьці».
На каналах, зьвязаных зь сілавікамі, зьявіліся відэа аб тым, што ў Гомлі за апошнія дні «адпрацавалі» 30 асоб, «датычных да экстрэмізму». Затрыманых пакаралі арыштам на 15 дзён.
Паводле інфармацыі Свабоды, для іх не бяруць перадачы ад сваякоў, за кратамі яны ня маюць бялізны, матрацаў і сродкаў гігіены, кожныя 2 гадзіны — праверка, у тым ліку ўночы. Яшчэ адно «новаўвядзеньне» ў ціску на затрыманых — кожную ноч іх пераводзяць з камэры ў камэру, і таму яны ня могуць спаць.
Пасьля інцыдэнту на аэрадроме ў Мачулішчах Аляксандар Лукашэнка абяцаў правесьці «жэстачайшую зачыстку». Па ўсёй краіне прайшлі масавыя затрыманьні.
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі паведаміла, што органы «актывізавалі працу ў дачыненьні асобаў, датычных да экстрэмісцкіх фармаваньняў і тэрарыстычных арганізацый». У МУС сьцьвярджаюць, толькі за 9 сакавіка затрымалі 60 чалавек.
Тым часам ГУБАЗіК заявіў, што «адпрацоўвае сувязі» байцоў палка Каліноўскага са сваякамі і знаёмымі ў Беларусі. У МУС Беларусі паведамілі, што да крымінальнай адказнасьці за спробу выезду з краіны для «ўступленьня ў ваенізаваныя фармаваньні ў якасьці наймітаў» з 2022 году прыцягнулі 11 чалавек.
Паводле сілавікоў, у Беларусі ў байцоў засталіся сувязі, сваякі і знаёмыя, сувязі «зафіксаваныя і сыстэмна адпрацоўваюцца на прадмет падрыўной дзейнасьці ўнутры краіны і аказаньня садзейнічаньня замежным радыкальным ініцыятывам».