«Мы расказваем пра ўсё, што можа быць цікава, карысна і важна для беларускай ЛГБТ і квір-супольнасьці — як у краіне, так і за яе межамі, — кажуць стваральнікі «ДазХіп». — Івэнты, ініцыятывы, творчыя практыкі, асабістыя гісторыі, цяжкія ўспаміны і дзёрзкія мары — з розных бакоў мы зьбіраем гэты бясконцы пазл у карціну, якая апісвае, што адбываецца з супольнасьцю цяпер. З надзеяй паўплываць на будучыню».
Адзін з стваральнікаў «ДазХіп» Нік Анціпаў тлумачыць, чаму мэдыя вырашылі запусьціць менавіта цяпер.
«Сёньня рэжым выкарыстоўвае гамафобію як адзін з інструмэнтаў рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці. У прадзяржаўных каналах часта можна пачуць гамафобную рыторыку, якая распальвае нянавісьць, а таксама запісаныя пад катаваньнямі відэа, дзе людзі кажуць пра сваю негетэрасэксуальнасць.
Разбурэньне інфраструктуры сацыяльных праектаў пакінула ЛГБТК+ супольнасьць ва ўразьлівым становішчы, бяз доступу да падтрымкі і інфармацыі. Карацей, быць гамафобам — гэта значыць падтрымліваць аўтарытарныя рэжымы, як лукашэнкаўскі. Таму, як і заўсёды, любы праект, які змагаецца з дыскрымінацыяй, ён актуальны і патрэбны», — кажа Анціпаў.
«ДазХіп» мае забясьпечыць віртуальную прастору для ЛГБТК+ асобаў, асабліва для маладых людзей у Беларусі і на выгнаньні. Праект імкнецца забясьпечыць доступ да актуальнай і аналітычнай інфармацыі пра жыцьцё ЛГБТК+ людзей у Беларусі і Ўсходняй Эўропе, і будзе служыць плятформай для інфармацыі, рэсурсаў і дыскусій пра гендэр і сэксуальнасьць.
«Я веру, што ў канчатковым выніку наш праект прынясе карысьць грамадзтву Беларусі ў цэлым. Мы даем такую неабходную адукацыю пра гендэр і сэксуальнасьць, што спрыяе інклюзіўнасьці, прыняцьцю і ў канчатковым выніку будзе спрыяць стварэньню больш справядлівага і раўнапраўнага грамадзтва для ўсіх», — кажа Анціпаў.
Каманда складаецца з шасьці чалавек: рэдактаркі, більд-рэдактара, мэнэджараў сацыяльных сетак, дызайнэркі і іншых. У каманду таксама шукаюць валянтэраў і валянтэрак.
- 14 лютага 2022 Мінгарвыканкам прыняў рашэньне аб ліквідацыі праекту Makeout, які займаўся асьвятленьнем тэмы фэмінізму і ЛГБТ у Беларусі.
- 29 сьнежня 2022 году старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава Качанава заявіла, што ў Беларусі можа зьявіцца закон аб забароне прапаганды ЛГБТ, і спаслалася на Расею: «Меркаваньне такое ёсьць, і, можа, нам трэба будзе выступіць з заканадаўчай ініцыятывай аб недапушчальнасьці распаўсюджваньня ЛГБТ. Калі я была з афіцыйным візытам у Маскве, якраз у той дзень у Дзяржаўнай Думе прынялі закон аб забароне прапаганды ЛГБТ. Напэўна, давядзецца прымаць і нам. І гэта будзе правільна. Нельга гэта прапагандаваць. У нас ёсьць сямейныя каштоўнасьці, традыцыі, якія мы перадаем з пакаленьня ў пакаленьне: традыцыі сям’і, праваслаўя», — сказала Качанава.
- Беларусь застаецца адной зь нешматлікіх краін, дзе няма антыдыскрымінацыйнага заканадаўства ў адносінах да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці.