Паводле папярэдніх вынікаў, большасьць удзельнікаў рэфэрэндуму ў Швайцарыі выказалася за легалізацыю аднаполых шлюбаў.
Права прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці заключаць шлюбныя саюзы падтрымалі 64% тых, хто прагаласаваў.
Пра гэта паведамляе DW са спасылкай на сацыялягічны цэнтар gfs.bern, які абнародаваў дадзеныя апытаньня праз паўгадзіны пасьля закрыцьця ўчасткаў для галасаваньня.
Раней адпаведны законапраект падтрымалі ўрад і парлямэнт краіны. Супраць зьменаў у заканадаўстве выступіла Швайцарская народная партыя, якая разам з шэрагам кансэрватыўных груп стала ініцыятарам рэфэрэндуму.
Законапраект прадугледжвае магчымасьць усынаўлення дзяцей аднаполымі парамі, супраць чаго выступаюць кансэрватары. Яны заяўляюць, што штучнае апладненьне ў лесьбійскіх парах азначае «сьмерць бацькі», і хочуць абараніць традыцыйны шлюб паміж мужчынам і жанчынай, паколькі, паводле іх перакананьня, толькі ў ім дзеці зьяўляюцца на сьвет «натуральным чынам».
Парлямэнт Швайцарыі ў чэрвені летась дазволіў аднаполым партнэрам заключаць шлюбныя саюзы, а лесьбіянкам — зачынаць дзяцей са сьпермы донараў. На галасаваньні ў Нацыянальнай радзе абедзьве ініцыятывы былі ўхваленыя 132 галасамі, 53 дэпутаты прагаласавалі супраць і яшчэ 13 — устрымаліся.
Швайцарыя легалізавала аднаполыя шлюбы адной з апошніх у Заходняй Эўропе. Усьлед за Францыяй шлюбныя саюзы паміж аднаполымі партнэрамі ў 2017 годзе ўзаконілі Нямеччына і Аўстрыя. У Італіі для аднаполых пар пакуль існуе толькі магчымасьць аформіць адносіны як зарэгістраванае партнэрства. Гэта, аднак, не дае партнэрам роўных з сужэнцамі правоў у пытаньнях грамадзянства і ўсынаўленьня дзяцей.