Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі бізнэсовец папрасіў прабачэньня за тое, што дапамагаў «Гродна Азоту» абыходзіць санкцыі


«Гродна Азот». Архіўнае фота
«Гродна Азот». Архіўнае фота

Літоўскі бізнэсовец Саўлюс Коціс заявіў, што праз сваю кампанію ў Кіргізстане дапамагаў абыходзіць санкцыі супраць «Гродна Азота», і прынёс публічныя прабачэньні. Пра гэта піша літоўскі расьсьледавальны цэнтар Siena, які вывучае магчымыя «ценявыя» схемы паставак угнаеньняў зь Беларусі ў ЭЗ.

Журналісты Siena паведамілі пра кампаніі, якія, паводле іх зьвестак, займаюцца ўвозам у Літву беларускага карбаміду, піша Zerkalo. Адзіны вытворца гэтага ўгнаеньня ў Беларусі — прадпрыемства «Гродна Азот» з санкцыйнага сьпісу ЭЗ. Аднак на карбамід сам па сабе абмежаваньні не распаўсюджваюцца, і ў клайпедзкі тэрмінал яго прывозяць пад выглядам прадукцыі іншай кампаніі.

Як сьцьвярджаюць расьсьледавальнікі, беларускі карбамід прадаваўся ў Літве праз фірму-«пракладку». Перавозку ўгнаеньняў па чыгунцы аплаціла клайпедзкая кампанія Girera, а пакупніком значыцца фірма Misir. Co з Кіргізстану. Літоўскі бізнэсовец Саўлюс Коціс — акцыянэр гэтай кіргіскай фірмы. Ён сам пацьвердзіў Siena, што ўдзельнічаў у гэтай схеме.

— Misir. Co (я яе суўладальнік) займалася экспартам беларускіх угнаеньняў у студзені — лютым 2023 году. Кантракт быў падпісаны і выкананы маімі партнэрамі на падставе сэртыфікатаў аб тым, што прадукцыя не знаходзіцца пад санкцыямі, — паведаміў Коціс.

Прадпрымальнік публічна папрасіў прабачэньня ва ўсіх, хто «быў расчараваны безадказнымі паводзінамі» яго самога і яго калег, і прызнаўся, што мае намер «згарэць у агні сораму і нянавісьці да сябе».

Ён таксама запэўніў, што дамова на пастаўку карбаміду зь Беларусі ўжо скасаваная, а дзейнасьць Misir. Co прыпыненая.

13 студзеня літоўскія службы пачалі расьсьледаваньне факту кантрабанды ўгнаеньняў, вырабленых на заводзе «Гродна Азот», які трапіў пад санкцыі ЭЗ. У некалькіх кампаніях, датычных, як мяркуецца, да «ценявых» схем, прайшлі ператрусы, былі затрыманыя двое падазраваных і груз карбаміду больш як на 2 млн эўра.

Пасьля гэтага кіраўнік «Літоўскіх чыгунак» Эгідзіюс Лазаўскас заявіў, што яго прадпрыемства гатовае цалкам адмовіцца ад перавозкі грузаў зь Беларусі і Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG