80-гадовага краязнаўца, які перажыў канцлягер, асудзілі за публікацыю ў Фэйсбуку
У Верхнядзьвінску суд аштрафаваў 80-гадовага краязнаўца, старшага навуковага супрацоўніка мясцовага гісторыка-краязнаўчага музэя, ганаровага грамадзяніна гораду Антона Бубалу, паведамляе «Наша Ніва».
Мужчыну асудзілі за тое, што на сваёй старонцы ў фэйсбуку ён разьмясьціў штосьці з «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Яму выпісалі штраф на 740 рублёў (20 базавых велічынь) і адабралі тэлефон. Пасяджэньне раённага суда было яшчэ 24 студзеня. Пастанову апублікавалі ў сеціве.
У маленстве Антон Францавіч Бубала перажыў зь сям’ёй канцлагер: вясной 1943 году, калі яму не было і года, разам з маці, братам і сястрой ён апынуўся сярод вязьняў Саласпілскага канцлагера (непадалёк ад Рыгі).
Адваката Макарава адправілі ў калёнію за ўдзел у акцыі пратэсту
У судзе Ленінскага раёну Менска 3 сакавіка паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) да 1 году калёніі асудзілі палітзьняволенага адваката Міхаіла Макарава, даведалася «Вясна».
Міхаіла Макарава абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў 2020 годзе ў Менску. Справу разглядала судзьдзя Юлія Шчоткіна. За кратамі Міхаіла ўтрымліваюць амаль паўгады.
Міхаіла Макарава затрымалі з жонкай і яшчэ адной адвакаткай Анастасіяй Сагановіч 13 верасьня 2022 году. Тады затрыманьне адваката сілавікі зьвязвалі з абаронай палітзьняволеных актывістаў анархічнага руху. Ён абараняў палітзьняволенага Мікіту Дранца па справе «Рэвалюцыйнага дзеяньня».
Адразу адваката асудзілі на 15 дзён адміністрацыйнага арышту ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Пасьля гэтага яму выставілі абвінавачваньне паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу і перавялі ў СІЗА.
3 лістапада 2022 году Міністэрства юстыцыі пазбавіла Міхаіла ліцэнзіі з прычыны «дысцыплінарных спагнаньняў і за зьдзяйсьненьне правінаў, несумяшчальных са званьнем адваката».
Суд над Макаравым пачаўся 2 сакавіка 2023 году.
Паводле зьвестак «Вясны», з пачатку 2021 году да канца 2022 году, Мін’юст беларусі пазбавіў ліцэнзій ня менш як 60 адвакатаў.
Ліквідавана каля 100 адвакацкіх бюро, спынена дзейнасьць каля 400 адвакатаў, якія практыкавалі індывідуальна.