Рэгістрацыю ІП у сталіцы спынілі ў 2021 годзе. Улады патлумачылі гэта «тэхнічнымі прычынамі».
22 красавіка Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон аб прадпрымальніцкай дзейнасьці. Дакумэнт, паводле вэрсіі яго прэс-службы, вызначае «абноўленую архітэктуру прадпрымальніцтва», якая прадугледжвае «дзьве катэгорыі, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасьцю: юрыдычныя і фізычныя асобы».
Да юрыдычных асоб аднесьлі малыя арганізацыі з колькасьцю працоўных да 100 чалавек, сярэднія — да 250 і буйныя — звыш 250, да фізычных асоб — рамесьнікаў, уладальнікаў аграэкасядзіб, самазанятых, індывідуальных прадпрымальнікаў.
Віды дзейнасьці, якія змогуць весьці індывідуальныя прадпрымальнікі, урад вызначыў 2 ліпеня. Па відах дзейнасьці, якія ня ўвойдуць у плянаваны пералік, з 1 кастрычніка спыняецца рэгістрацыя новых індывідуальных прадпрымальнікаў.
Таксама вызначаецца абавязак пераходу да 1 студзеня 2026 году дзейных індывідуальных прадпрымальнікаў у юрыдычныя асобы.
Дырэктар Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Віктар Маргелаў у красавіку выказваў асьцярогу, што «дзясяткі тысяч фізычных асоб у выпадку, калі ім будзе забаронена займацца пэўнымі відамі дзейнасьці, могуць страціць працу».
Форум