У Менскім гарадзкім судзе агучылі вырак палітзьняволенаму адвакату Віталю Брагінцу — 8 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, паведамляе «Вясна».
Брагінца абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 3 арт. 130 («распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці),
- ч. 3 арт. 361 («заклікі да санкцый»),
- ч.1 арт. 361-1 («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім»),
- ч. 1 арт. 342 («актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).
Справу два тыдні ў закрытым рэжыме разглядала судзьдзя Алена Ананіч. Дзяржаўнае абвінавачваньне падтрымліваў пракурор Лізюк.
Віталя затрымалі 23 траўня 2022 года і двойчы запар арыштавалі на 15 сутак. Праз арышт ён ня змог патрапіць на суд свайго падабароннага -- іншага адваката Андрэя Мачалава. Як распавялі праваабаронцам яго сукамэрнікі, у Брагінца знайшлі фота з акцый пратэсту.
9 верасьня 2022 года МУС прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» Telegram-чат «Беларускiя Адвакаты».
Брагінец абараняў некаторых палітвязьняў, у тым ліку старшыню Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага, а таксама адваката Андрэя Мачалава, які на судзе застаўся без абароны праз арышт Віталя.