Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Споўнілася 70 гадоў ад выхаду першай перадачы Радыё Свабода на расейскай мове


Адзін зь першых рэдактараў радыёстанцыі «Освобождение» Валерыял Абаленскі. Фота 1954 году
Адзін зь першых рэдактараў радыёстанцыі «Освобождение» Валерыял Абаленскі. Фота 1954 году

Першая праграма радыёстанцыі «Освобождение» («Вызваленьне») выйшла ў эфір са студыі ў Мюнхэне 1 сакавіка 1953 году. У 1959 годзе радыёстанцыя зьмяніла назву.

У гады халоднай вайны Радыё Свабода давала аўдыторыі ў СССР факты савецкай гісторыі і сучаснай рэчаіснасьці, якія ўтойваліся ад грамадзкасьці і не асьвятляліся ў афіцыйных сродках масавай інфармацыі, а таксама інфармацыю аб дзейнасьці асоб і арганізацый, якія выступалі супраць камуністычных рэжымаў.

На расейскай службе радыёстанцыі выступалі многія прадстаўнікі неафіцыйнай расейскай культуры і дзеячы расейскай эміграцыі. Прынцыпаў свабоды друку рэдакцыя прытрымліваецца да гэтага часу.

Глушэньне хваляў радыёстанцыі савецкія ўлады спынілі ў 1989 годзе. У 1991 годзе пасьля правалу путчу прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын легалізаваў дзейнасьць Радыё Свабода ў Маскве. Штаб-кватэра мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў 1995 годзе на запрашэньне прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гавела пераехала ў Прагу.

У гады знаходжаньня ва ўладзе Ўладзіміра Пуціна расейская служба адчула праблемы.

У 2017 годзе Міністэрства юстыцыі Расеі ўнесла Радыё Свабода сьпіс «замежных агентаў», вясной 2022 году пад ціскам расейскіх уладаў закрытае маскоўскае бюро. Пасьля пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну і ўвядзеньня ў Расеі ваеннай цэнзуры сайты расейскай службы і яе ўліковыя запісы ў многіх сацыяльных сетках заблякаваны ўладамі.

Джэймі Флай
Джэймі Флай

«На працягу сямі дзесяцігодзьдзяў Радыё Свабода выконвала ролю паходні, якая паказвае насельніцтву краіны шлях з інфармацыйнай цемры, — заявіў у сувязі з юбілеем расейскай службы прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай. — У доўгай гісторыі гэтай рэдакцыі, магчыма, самымі бліскучымі сталі некалькі апошніх гадоў, калі наша карпарацыя адчула беспрэцэдэнтны ціск Крамля. І летась, нягледзячы на спробы Ўладзіміра Пуціна перашкодзіць расейцам ведаць праўду, журналісты „Свабоды“ працягвалі сваю сьмелую працу на карысьць аўдыторыі. Гэтая крытычна важная дзейнасьць будзе працягвацца».

Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода — незалежная амэрыканская мэдыякарпарацыя, якая фінансуецца за кошт гранту Кангрэса праз Агенцтва ЗША па глябальных мэдыя. Радыё Свабода працуе на 27 мовах у 23 краінах — пераважна для аўдыторый краін, дзе свабода сродкаў інфармацыі абмежаваная.

Беларуская служба радыё «Вызваленьне» пачала вяшчаньне 20 траўня 1954 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG