«Мы асуджаем зьнішчэньне польскай культурнай спадчыны ў Беларусі рэжымам Лукашэнкі. Гэтая спадчына зьяўляецца неад’емнай часткай гісторыі Беларусі. Яго разбурэньне ганебнае і несумяшчальнае з прынцыпамі цывілізаванага сьвету», — напісаў Лукаш Ясіна ў Твітары.
28 лютага стала вядома, што ў касьцёле ў гонар Маці Божай Ружанцовай у Солах (Смаргонскі раён Горадзенскай вобласьці) зафарбавалі славутую фрэску ў гонар так званага «Цуду над Віслай», на якім выяўленая Варшаўская бітва 1920 году.
Варшаўская бітва — вырашальная бітва ў польска-савецкай вайне 1919–1920 гадоў. У бітве ў жніўні 1920-га ўзброеныя сілы новай польскай дзяржавы разграмілі наступ Чырвонай Арміі. Палякі называюць гэту падзею цудам, бо дзякуючы ёй Польшча ўратавала сваю незалежнасьць. Перамога прывяла да мірнай дамовы з Савецкім Саюзам 1921 году, якая зацьвердзіла ўсходнія межы польскай дзяржавы.
Фрэска была зробленая ў храме ў Солах, пабудаваным у 1924–1934 гадах на ахвяраваньні парафіян. У савецкія часы росьпіс ужо зафарбоўвалі, а пасьля падзеньня СССР — аднавілі і наноў асьвяцілі.
На фрэску накінуліся дзяржаўныя прапагандысты, пасьля гэтага яе зафарбавалі на патрабаваньне ўладаў.