Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэс-сакратар Пуціна: шчыльная інтэграцыя Расеі і Беларусі «не зьяўляецца вяртаньнем да СССР»


Расея не спрабуе паглынуць Беларусь і ўзнавіць Савецкі Саюз, заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў у інтэрвію выданьню «Известия».

«Прэзыдэнт Уладзімір Пуцін сказаў, што той, хто не шкадуе аб Савецкім Саюзе, ня мае сэрца, а той, хто жадае ўзнаўленьня Савецкага Саюзу, ня мае галавы. Мне здаецца, што гэта самае вычарпальнае тлумачэньне магчымага стаўленьня тых, хто гаворыць аб аднаўленьні СССР. Гэта немагчыма», — сказаў Пяскоў.

У той жа час ён адзначыў, што ёсьць «розныя формы інтэграцыі», якія могуць прымяняцца на тэрыторыі былога СССР, і прывёў у прыклад саюзную дзяржаву Расеі і Беларусі.

«У нас былі ў нядаўняй гісторыі прабуксоўваньня з выкананьнем саюзнай дамовы, але потым былі выпрацаваныя нацыянальныя праграмы, якія сталі рэалізоўвацца з высокай дынамікай», — заявіў Пяскоў і адзначыў, што ў гэтым інтэграцыйным працэсе было зроблена «шмат пазытыўных крокаў», пра што Пуцін і Лукашэнка могуць расказаць на наступным пасяджэньні вышэйшай «саюзнай дзяржавы».

«Але гэта ніякім чынам не зьяўляецца вяртаньнем да Савецкага Саюза і ніякім чынам ня спроба яго аднаўленьня», — сказаў Пяскоў.

17 лютага Пуцін і Лукашэнка правялі сустрэчу ў Маскве. У ходзе перамоваў закранулі і тэмы інтэграцыі, якая дасягнула, паводле Лукашэнкі, 80% у сфэры бясьпекі, абароны, а таксама выкананьня ўрадамі абедзьвюх краін даручэньняў у сфэры эканомікі.

21 лютага СМІ апублікавалі нібыта атрыманы з адміністрацыі Пуціна распрацаваны ў Крамлі дакумэнт аб паступовай інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі. Плян нібыта прадугледжвае поўнае падначаленьне Рэспублікі Беларусь уладзе Расейскай Фэдэрацыі да 2030 году.

З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG