Празь дзень пасьля меркаванага інцыдэнту на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах беларускія памежнікі значна ўзмацнілі кантроль на выезд з краіны. Пра гэта Свабодзе расказалі беларусы, якія перасякалі 27 лютага беларуска-польскую і беларуска-літоўскую межы.
«Правяралі на выезьдзе, ператрэсьлі ўсе рэчы, усё агледзелі, — расказаў Свабодзе беларус, які ў першай палове 27 лютага перасякаў мяжу зь Літвой. — Звычайна на выезд зусім не правяраюць асабістых рэчаў, толькі памежнікі пашпарты. А тут такое. Я вёз сваю тэхніку, турбаваўся за яе. Агледзелі ўсё падрабязна. Кіроўца аўтобуса сказаў, што ня бачыў такога як мінімум год».
Па словах суразмоўцы, узмоцненую праверку на мяжы ён зьвязвае з інцыдэнтам у Мачулішчах 26 лютага. Пра тое, што памежнікі ўзмоцнена правяраюць рэчы тых, хто выяжджае з краіны ў Польшчу і Літву, Свабодзе расказалі яшчэ некалькі чалавек. У прыватнасьці, як мінімум ад ранку 27 лютага падобныя працэдуры адбываюцца на пераходзе «Варшаўскі Мост» на мяжы з Польшчай.
Памежны камітэт ніяк не камэнтуе новаўвядзеньня. Удзень 27 лютага стала вядома пра нараду ў Лукашэнкі з удзелам кіраўніком сілавых ведамстваў, у тым ліку кіраўніцтва Памежнага камітэту Беларусі.
Прадстаўнік ініцыятывы ByPol Аляксандар Азараў у камэнтары Свабодзе паведаміў, што ўдзельнікі меркаванай дывэрсіі ў Мачулішчах ужо выехалі зь Беларусі і цяпер знаходзяцца ў бясьпецы.
- ByPol паведаміў, што выбухі пашкодзілі пярэднюю і цэнтральную часткі самалёта. Адказнасьць за дывэрсію ў Мачулішчах узялі ўдзельнікі пляну «Перамога».
- Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пакуль ніяк не пракамэнтаваў здарэньне, хоць сам Лукашэнка склікаў не анансаваную раней нараду зь сілавікамі.
- Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што афіцыйны Менск зьняпраўдзіў інцыдэнт, хоць гэтага не адбылося.
- Пасьля меркаванага выбуху ў Мачулішчах памежнікі ўзмоцнена праглядаюць людзей на выезьдзе зь Беларусі.
- Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьні людзей ў Мачулішчах і Фаніпалі пасьля меркаванага падрыву.
- Рэдакцыя Свабоды пакуль ня можа спраўдзіць гэтую інфармацыю з дапамогай незалежных крыніц.