Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няхай чакаюць працягу». Аляксандар Азараў пра падрабязнасьці імавернага падрыву расейскага самалёта ў Мачулішчах


 Расейскі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня A-50. Ілюстрацыйнае фота
Расейскі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня A-50. Ілюстрацыйнае фота

Як доўга рыхтавалася акцыя, ці стаялі за ёй замежныя спэцслужбы, чаму маўчаць беларускія ўлады і прапаганда. Спыталі пра ўсё гэта.

Тэлеграм-канал былых сілавікоў ByPol 26 лютага ў 16:05 паводле менскага часу паведаміў, што на вайсковым аэрадроме Мачулішчы пад Менскам раніцай таго ж дня адбыліся два выбухі, якімі быў пашкоджаны расейскі вайсковы самалёт. Пазьней зьявілася інфармацыя аб магчымым падрыве самалёту далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня А-50.

ByPol паведаміў, што выбухі пашкодзілі пярэднюю і цэнтральную часткі самалёта і ён дакладна ўжо нікуды не паляціць. Адказнасьць за дывэрсію ў Мачулішчах узялі ўдзельнікі пляну «Перамога».

Свабода пакуль ня можа спраўдзіць гэтую інфармацыю з дапамогай незалежных крыніц.

«Падрыхтаваць акцыю займае 3-4 месяцы»

Кіраўнік ByPol Аляксандар Азараў расказаў Свабодзе некаторыя падрабязнасьці гэтай акцыі. Ён кажа, што ў пэўны час пасьля ўзмацненьня рэпрэсій і стрэлаў пры затрыманьні некаторых партызанаў ByPol спыніў «рэйкавую вайну», але сталі працаваць на іншых кірунках.

Аляксандар Азараў
Аляксандар Азараў

«Падрыхтаваць акцыю займае 3-4 месяцы. Трэба ж праводзіць выведку, паглядзець, адкуль падысьці. У нас было шмат варыянтаў. Адна акцыя не атрымліваецца, бяромся за іншую. І вось такім чынам нашы партызаны знайшлі такі цікавы аб’ект. Вядома, таксама падказваем партызанам, але і яны ў залежнасьці ад сваіх магчымасьцяў прапаноўваюць аб’екты. Выходзіць, такая сумесная праца», — расказвае Аляксандар Азараў.

Па словах суразмоўцы, гэты самалёт у Мачулішчах быў флягманскім у расейскім войску. Ён праводзіў выведку ўкраінскай тэрыторыі. Разам зь ім у паветра падымаліся гіпэргукавыя ракетныя комплексы «Кінжал». І менавіта А-50 наводзіў «Кінжалы» на тыя аб’екты, якія яны абстрэльвалі.

«Паведамляюць, што такіх самалётаў усяго дзевяць у Расеі, я нават чытаў, што іх менш — 4. Кожны такі самалёт каштуе 330 мільёнаў даляраў. Вядома, нельга сказаць, што мы вырашылі ўзарваць рэзыдэнцыю Лукашэнкі. Што атрымліваецца, тое і робім. Усё моцна залежыць ад абставін».

Расейскі сайт «Царьград» паведаміў, што атаку на самалёт А-50 зьдзейсьнілі адразу шэсьць дронаў, большасьць зь якіх былі зьбітыя на падлёце да аб’екта.

«Колькасьці дронаў мы пакуль называць ня будзем. Але я пацьвярджаю, што гэта была атака дронамі. Хай спэцслужбы самі працуюць і паспрабуюць вызначыць, колькі іх было», — расказвае Аляксандар Азараў.

Па словах суразмоўцы, падрыхтаваць эвакуацыю людзей, якія ў гэтым удзельнічалі, было самым важным і складаным у гэтай сытуацыі. Азараў ня хоча расказваць падрабязнасьці эвакуацыі.

Вядома, што ў акцыі бралі ўдзел усяго некалькі ўдзельнікаў, таму беларускія спэцслужбы не змаглі нічога пра яе дазнацца.

«Я асабіста пакуль не размаўляў з удзельнікамі гэтай акцыі пасьля таго, як яны ўжо выехалі за мяжу. Яны цяпер у бясьпецы, так што цяпер усё нармальна», — расказвае Свабодзе Азараў.

«Нашы людзі ёсьць у розных месцах»

Беларускія афіцыйныя СМІ і праўладныя блогеры пакуль ніякім чынам не камэнтуюць таго, што здарылася ў Мачулішчах. Няма паведамленьняў, што гэта фэйк, але і пацьверджаньняў таксама няма.

«Ім страшна — гэта моцны ўдар па іміджы Лукашэнкі і расейскага войска. Мне здаецца, што гэта можа падкасіць упэўненасьць лукашыстаў у перамозе Расеі. Яны ня ведаюць, што рабіць з гэтым усім, ці даваць інфармацыю», — мяркуе кіраўнік ByPol.

На ягоную думку, улады цяпер могуць знайсьці «крайняга». Як меркаваную ахвяру ён называе камандзіра вайсковай часткі, якога могуць абвінаваціць у халатнасьці.

«Не выключаю, што могуць затрымліваць актывістаў, і прыпісваць ім удзел у пляне „Перамога“», — кажа Азараў. Вядома, што сілавікі правялі ўжо рэйд у Мачулішчах, у выніку якога затрымалі мясцовую жыхарку Крысьціну Максіменку, пра гэта паведамляюць праваабаронцы.

«Людзей у атачэньні Лукашэнкі не патрэбна для такой акцыі. Але нашы людзі, натуральна, ёсьць у розных месцах і структурах. Безь людзей нічога ня зробіш», — кажа Азараў.

Існуе таксама вэрсія, што за дывэрсіяй маглі стаяць не беларускія партызаны, а ўкраінскія спэцслужбы.

«Кожны агучвае вэрсію, якая яму выгадна. Каб мы ня ведалі дакладна, што гэта беларускія партызаны, то нічога б не казалі. Лукашысты кажуць, што намі кіруюць спэцслужбы замежных дзяржаваў, гэта няпраўда. Беларускія партызаны працуюць самастойна. Няхай лукашысты чакаюць працягу», — сканчвае кіраўнік BYPOL.

Пасьля меркаванага выбуху ў Мачулішчах памежнікі ўзмоцнена праглядаюць людзей на выезьдзе з краіны


Аб гэтым Свабодзе паведамілі адразу некалькі беларусаў, якія выяжджалі з Беларусі ў краіны ЭЗ 27 лютага. Памежны камітэт пакуль ніяк не камэнтуе новаўвядзеньне.

Праз дзень пасьля меркаванага інцыдэнту на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах беларускія памежнікі значна ўзмацнілі кантроль на выезд з краіны. Аб гэтым Свабодез расказалі беларусы, якія перасякалі 27 лютага беларуска-польскую і беларуска-літоўскую межы.

«Правяралі на выезьдзе, ператрэсьлі ўсе рэчы, усё агледзелі, — расказаў Свабодзе беларус, які ў першай палове 27 лютага перасякаў мяжу з Літвой. — Звычайна на выезд зусім не правяраюць асабістыя рэчы, толькі памежнікі пашпарты. А тут такое. Я вёз сваю тэхніку, турбаваўся за яе. Агледзелі ўсё падрабязна. Кіроўца аўтобуса сказаў, што не бачыў такога як мінімум год».

Па словах суразмоўцы, узмоцненую праверку на мяжы ён зьвязвае з інцыдэнтам у Мачулішчах 26 лютага. Пра тое, што памежнікі ўзмоцнена правяраюць рэчы выяжджаючых з краіны ў Польшчу і Літву, Свабодзе расказалі яшчэ некалькі чалавек. У прыватнасьці, як мінімум ад ранку 27 лютага падобныя працэдуры адбываюцца на пераходзе «Варшаўскі Мост» на мяжы з Польшчай.

Беларускія ўлады маўчаць пра інцыдэнт

Памежны камітэт ніяк не камэнтуе новаўвядзеньне.

Аб 11-й гадзіне 27 лютага Лукашэнка склікаў тэрміновую нараду з удзелам кіраўнікоў сілавых структур краіны. Пра яе змест на момант падрыхтоўкі матэрыялу інфармацыі не было.

У Маскве не камэнтуюць

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў ня стаў камэнтаваць паведамленьні аб пашкоджаньні расейскага самалёта ДРЛА А-50 нібыта ў выніку атакі дронаў на вайсковы аэрадром у Мачулішчах пад Менскам. Яго цытуе Ria.ru:

«Не, нам няма чаго тут казаць. Гэта ўсё ж інфармацыя, якая была апублікаваная, у ёй ішла гаворка пра Беларусь, і Беларусь абвергла», — сказаў Пяскоў журналістам.

Аднак на гэты момант беларускія афіцыйныя асобы ніяк не камэнтавалі інцыдэнту у Мачулішчах і не зьняпраўджвалі яго.

  • ByPol паведаміў, што выбухі пашкодзілі пярэднюю і цэнтральную часткі самалёта. Адказнасьць за дывэрсію ў Мачулішчах узялі ўдзельнікі пляну «Перамога».
  • Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пакуль ніяк не пракамэнтаваў здарэньне, хоць сам Лукашэнка склікаў не анансаваную раней нараду зь сілавікамі.
  • Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што афіцыйны Менск зьняпраўдзіў інцыдэнт, хоць гэтага не адбылося.
  • Пасьля меркаванага выбуху ў Мачулішчах памежнікі ўзмоцнена праглядаюць людзей на выезьдзе зь Беларусі.
  • Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьні людзей ў Мачулішчах і Фаніпалі пасьля меркаванага падрыву.
  • Рэдакцыя Свабоды пакуль ня можа спраўдзіць гэтую інфармацыю з дапамогай незалежных крыніц.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG