Пра гэта паведамляе выданьне «Гомель штодзень».
Як мы паведамлялі, Міронаў зьвярнуўся ў міністэрства з просьбай вынесьці папярэджаньне аўтарам рэсурсу, які, на погляд актывіста, распальвае нянавісьць у грамадзтве.
У адказе міністэрства адзначаецца, што адпаведны тэлеграм-канал не зарэгістраваны ў міністэрстве ў якасьці сеткавага выданьня і не зьяўляецца сродкам масавай інфармацыі.
Таму, паводле Мінінфарму, ён ня можа ўжыць да рэсурсу меры, якія ўжываюцца ў дачыненьні да рэдакцыяў СМІ і ўласьнікаў сеткавых выданьняў.
Ільля Міронаў не задаволены адказам міністэрства. Ён адзначыў, што ўлёткі з матэрыяламі тэлеграм-каналу, распаўсюджваюцца на дзяржаўных прадпрыемствах.
«Адказ зь Міністэрства інфармацыі чаканы. Я высьветліў, што прапагандысцкі тг-канал не зьяўляецца СМІ, таму буду зьвяртацца ў суд і праваахоўныя органы. Я веру ў закон і парадак», — зазначае Ільля.
- У пачатку лютага Гомельскі актывіст, былы палітвязень Ільля Міронаў зьвярнуўся ў Міністэрства інфармацыі са скаргай на праўладны тэлеграм-канал «Жёлтые сливы» за публікацыю ў канцы лістапада 2022 году матэрыялу «паклёпніцкага характару, у якім у якасьці ілюстрацыі выкарыстоўваліся скрыншоты зь яго асабістай старонкі «УКантакце».
- Тэкст суправаджаўся зьневажальнымі камэнтарамі ў адрас Ільлі Міронава. У прыватнасьці, невядомы аўтар выкарыстоўваў такія словы, як «падла», «дармаед», «дэгенэрат», «графаман».