Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АБСЭ асудзілі рэпрэсіі ў Беларусі, згадалі перасьлед Бяляцкага і Пачобута


Офіс АБСЭ ў Вене
Офіс АБСЭ ў Вене

У Беларусі сёньня налічваецца пад 1450 палітычных вязьняў, і іх колькасьць павялічваецца, прычым доступу да іх ня маюць ні сямейнікі, ні чальцы дыпляматычнага корпусу альбо назіральнікі. У зьняволеньні знаходзяцца 33 прадстаўнікі СМІ.

Эўразьвяз, Польшча, Вялікая Брытанія і Францыя ўзьнялі пытаньне палітычных рэпрэсій у Беларусі падчас пасяджэньня Сталай рады АБСЭ ў Вене. У прыватнасьці, гаворка вялася пра Алеся Бяляцкага і Анджэя Пачобута, інфармацыя пра гэта зьмешчаная на сайце АБСЭ.

«Амаль кожны дзень у Беларусі зьяўляюцца новыя прыклады жорсткіх прысудаў на палітычных працэсах, якія праходзяць за зачыненымі дзьвярыма. Рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі не слабеюць, цяпер у краіне больш за 1440 палітвязьняў», — гаворыцца ў заяве сталага прадстаўніка ЭЗ пры АБСЭ Расы Астраўскайце.

Яна падкрэсьліла, што недапушчальны перасьлед асоб, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў, у прыватнасьці палякаў. Астраўскайце назвала прысуд, вынесены на мінулым тыдні Анджэю Пачобуту, ганебным. Таксама яна зьвярнула ўвагу на судовы працэс над нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім і іншымі праваабаронцамі цэнтру «Вясна»:

«ЭЗ зноў заклікае Менск неадкладна і безумоўна вызваліць і рэабілітаваць усіх незаконна затрыманых, у тым ліку Анджэя Пачобута і ўсіх чальцоў „Вясны“, спыніць парушэньне правоў чалавека і асноўных свабод беларускага народу, пачаць сапраўдны і інклюзіўны дыялёг з дэмакратычнымі сіламі і зрабіць магчымым мірны палітычны пераход да дэмакратычнага грамадзтва», — сказала Астраўскайце.

Намесьніца прадстаўніка Вялікай Брытаніі пры АБСЭ Дэйдра Браўн у сваім выступе таксама акцэнтавала ўвагу на справе Пачобута:

«Пачобут вядомы сваімі рэпартажамі пра антыпольскі характар палітыкі Лукашэнкі і абыходжаньне беларускага рэжыму з польскай меншасьцю. Прыкладна 300 000 палякаў у Беларусі сталі сьведкамі таго, як рэжым скасаваў іх польскамоўныя школы, а таксама зьнішчыў іх могілкі і памятныя мясьціны. Пачобут таксама паведаміў пра многія іншыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, зь якімі прысутныя, на жаль, знаёмыя», — сказала яна.

Браўн падкрэсьліла, што незалежная журналістыка — гэта не злачынства, і нагадала, што ў Беларусі ў зьняволеньні знаходзяцца 33 прадстаўнікі СМІ.

«Журналісты, прадстаўнікі СМІ, апазыцыянэры і праваабаронцы асуджаныя за мірнае ажыцьцяўленьне сваіх правоў чалавека і асноўных свабод, у тым ліку свабоду выказваньня меркаваньняў і свабоду мірных сходаў і асацыяцый. Мы яшчэ раз заклікаем беларускі рэжым да іх неадкладнага і безумоўнага вызваленьня», — адзначыла яна.

Таксама ў падтрымку Пачобута і Бяляцкага выказаліся прадстаўнікі Польшчы і Францыі, пра гэта сьведчаць запісы ў іх твітэр-акаўнтах:

«Беларусь пераможа таталітарызм. І адбудзецца гэта дзякуючы мужнасьці яе народу, у тым ліку зьняволеных рэжымам. Злоўжываньне ўладай заканчваецца стратай улады», — напісаў прадстаўнік Польшчы пры АБСЭ Адам Халацінскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG