Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У зьняволенага журналіста Сацука, які пісаў пра карупцыю і спрачаўся з Лукашэнкам, пагоршылася здароўе


Галоўны рэдактар выданьня «Ежедневник» Сяргей Сацук (архіўнае фота)
Галоўны рэдактар выданьня «Ежедневник» Сяргей Сацук (архіўнае фота)

Раней Менскі гарадзкі суд пакараў рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука 8 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Пасьля таго як Вярхоўны суд пакінуў у сіле вырак галоўнаму рэдактару інтэрнэт-партала «Ежедневник» Сяргею Сацуку, сваякам дазволілі спатканьне ў СІЗА турмы №4, дзе ён чакае разьмеркаваньня ў калёнію. Перадусім блізкія адзначаюць кепскі стан ягонага здароўя, паведамляе БАЖ:

«Спыталі пра наступствы, якія ён раней узьнімаў у лістах, — праблемы з сэрцам, моцныя болі і частая мігальная арытмія, зьвязаная з ішэмічнай хваробай сэрца. Пры рэгулярным прыёме лекавыя прэпараты дапамагалі, яшчэ можна было трываць, але цяпер лекаў проста не даюць. Належнае абсьледаваньне яму там зрабіць ня могуць», — кажуць сваякі.

Родныя сустрэліся зь Сяргеем пасьля разгляду ягонай апэляцыі на прысуд. Прысуд першай інстанцыі пакінулі ў сіле, разгляд адбываўся ў закрытым рэжыме. На думку Сацука, гэта паказвае, што судзьдзям не было чым абвергнуць доказы ягонай невінаватасьці ў апэляцыйнай скарзе:

«Сяргей сказаў, што падаў суду ўсе неабходныя доказы сваёй невінаватасьці. Але ні прыведзеныя аргумэнты, ні паказаньні сьведак не былі нават разгледжаны ці ўлічаны пры вынясеньні прысуду, а вэрдыкт заснаваны толькі на домыслах і дапушчальнасьці», — расказаў БАЖ брат Сяргея Аляксандар.

Раней Сацук у лістах на волю наракаў, што адміністрацыя СІЗА ў Магілёве, дзе ён чакаў вынікаў апэляцыі ў Вярхоўным судзе, адмаўлялася выдаваць яму патрэбныя кардыялягічныя прэпараты.

Каб рэзка не спыняць прыём таблетак, Сяргей Сацук быў вымушаны істотна зьмяншаць дозу, каб хапіла на даўжэйшы час. Але такая доза не дапамагала. Турэмныя кантралёры і мэдпэрсанал адмаўляюць праблемы і не выдаюць нават таго, чым забясьпечваюць зьняволенага журналіста сваякі.

  • Сяргей Сацук — былы галоўны рэдактар папулярнага парталу «Ежедневник» (ej.by), адзін з самых вядомых беларускіх журналістаў-расьсьледавальнікаў. Яго затрымалі 8 сьнежня 2021 году, у той жа дзень рашэньнем Міністэрства інфармацыі быў заблякаваны доступ да сайту ej.by. Да суду Сацука ўтрымлівалі ў СІЗА № 1 Менску, праваабаронцы прызналі яго палітычным вязьнем.
  • 26 кастрычніка 2022 году судзьдзя Менскага гарадзкога суду Сьвятлана Бандарэнка пакарала Сацука 8 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму і штрафам 16 тысяч рублёў, абвінаваціўшы паводле трох крымінальных артыкулаў: «Атрыманьне хабару» (арт. 430 КК), «Распальваньне варожасьці» (арт. 130 КК), «Перавышэньне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў» (арт. 426 КК).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG