Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сабраў замежных журналістаў, расказаў пра вайну, закрыцьцё памежных пераходаў і сустрэчу з Пуціным

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка. Менск, 16 лютага 2023
Аляксандар Лукашэнка. Менск, 16 лютага 2023

16 лютага Аляксандар Лукашэнка дае прэс-канфэрэнцыю для беларускіх і замежных журналістаў. Ужо заўтра Лукашэнка зноў сустрэнецца з Пуціным.

На сустрэчы прысутнічаюць журналісты беларускіх дзяржаўных СМІ, сусьветных інфармацыйных агенцтваў і тэлерадыёкампаній. Улады Беларусі заявілі, што замежныя журналісты нібыта самі папрасілі аб сустрэчы, а Аляксандар Лукашэнка пагадзіўся.

На прэс-канфэрэнцыі, як піша БелТА, — журналісты з Аўстрыі, Азэрбайджану, Вялікай Брытаніі, Катару, Расеі, Саудаўскай Арабіі, ЗША, Францыі, Японіі і міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір», якая мае галоўную сядзібу ў Маскве.

Пра вайну супраць Украіны

Лукашэнка сказаў, што Расея была вымушаная ўступіць у вайну, каб абараняць расейцаў. Ён, між іншага, сказаў, пры якіх умовах уступіць у вайну супраць Украіны:

«Я гатовы разам з расейцамі ваяваць з тэрыторыі Беларусі толькі ў адным пакуль выпадку: калі адтуль хоць адзін салдат прыйдзе на тэрыторыю Беларусі забіваць маіх людзей. Калі яны зробяць агрэсію супраць Беларусі, адказ будзе вельмі жорсткі. І вайна набудзе зусім іншы характар».

Лукашэнка адзначыў, што гэта тычыцца ня толькі Ўкраіны, але і іншых суседзяў. Пры гэтым, паводле Лукашэнкі, Зяленскі «зьнішчае Ўкраіну». Ён выказаў упэўненасьць, што па заканчэньні вайны Ўкраіне ніхто не дапаможа.

Ён зноў сказаў, што яшчэ да таго, як Расея пачала вайну, па тэрыторыі Беларусі з боку Ўкраіны нібыта рыхтаваўся ўдар ракетнымі сыстэмамі залпавага агню.

«Гэта былі наўмысныя дзеяньні ўкраінскага боку. Ня ведаю толькі, навошта гэта трэба было. Яны ў першыя хвіліны былі падвергнуты ўдару з тэрыторыі Беларусі. Гэта было за некалькі хвілін — раніцай перад пачаткам спэцыяльнай ваеннай апэрацыі».

Раней Лукашэнка сыстэматычна называў вайну Расеі супраць Украіны «вайной», хоць у Расеі настойліва выкарыстоўваюць тэрмін «спэцыяльная ваенная апэрацыя» (СВА).

Аляксандар Лукашэнка. Менск, 2023
Аляксандар Лукашэнка. Менск, 2023

Пра мірныя перамовы

Лукашэнка дапусьціў, што мірныя перамовы пра сытуацыю з Украінай павінны весьці ўкраінскія вайскоўцы, пазыцыя якіх, на яго думку, адрозьніваецца ад пазыцыі прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.

«Заўсёды ёсьць з кім гаварыць пра мір. Думаю, як бы дзіўна гэта ні здавалася, гэты дыялёг трэба весьці — я перакананы ў гэтым — з вайскоўцамі Ўкраіны. Яны маюць трохі, мякка кажучы, адрозны пункт гледжаньня і пазыцыю ад палітыкаў і прэзыдэнта Зяленскага».

Такі самы тэзіс ужо выказваў у лютым 2022 году саюзьнік Лукашэнкі Пуцін.

Пра закрыцьцё памежных пераходаў

Пра нядаўняе рашэньне ўладаў Польшчы і Літвы закрыць аўтамабільны і чыгуначны пераходы на мяжы зь Беларусьсю Лукашэнка сказаў:

«Вось яны закрылі пункты пропуску. Гэта што такое? Гэта эканамічная правакацыя. Значыць, гандлю няма, няма эканомікі. І вось паступова яны гэтыя правакацыі ладзяць. Проста правакуюць нас. Ну, да пары да часу. Цяпер мы думаем пра тое, як на гэта адказаць. Прынятыя рашэньні. Адкажам мякка спачатку. Не зразумеюць — узмоцнім. У нас дастаткова для гэтага рычагоў».

У адказ на гэта абавязкова будуць дзеяньні Менску, палохае Лукашэнка.

«Але гэта ўсё роўна эскаляцыя. Мы вымушаны адказваць. Пакуль сымэтрычна, адэкватна. Калі дойдзе да таго, што давядзецца прымаць асымэтрычныя меры, мы прымем. Яны на стале. Але мы гэтага ня хочам. Мы хочам сябраваць з палякамі, літоўцамі, як гэта было заўсёды».

Пра беларускае войска

Таксама Лукашэнка сказаў пра колькасьць беларускага войска сёньня і на выпадак вайны.

«У Беларусі ва ўмовах мірнага часу 75 тысяч у войску. Але ў некалькі этапаў пры неабходнасьці ва ўмовах вайны можна нарасьціць колькасьць да паўмільёна».

Пры гэтым мабілізацыі, кажа Лукашэнка, у краіне ня будзе.

«Мы як працавалі, так і працуем. Нашы вайскоўцы як несьлі сваю службу, так і нясуць. Мабілізацыю мы ніякую не абвяшчалі і не зьбіраемся яе праводзіць і абвяшчаць. Але да вайны рыхтуемся ў пляне таго, каб на нас не была зьдзейсьнена агрэсія».

Па ягоных словах, мабілізацыю правядуць толькі тады, калі «адчуюць пагрозу вайны». А цяпер такой пагрозы Лукашэнка ня бачыць.

Пра камісію па вяртаньні

Па словах Лукашэнкі, улады ў Беларусі «зрабілі крок насустрач» тым, хто «ўцёк з краіны, зьдзейсьніўшы тут правапарушэньне». Ён зноў заклікаў беларусаў вярнуцца на радзіму, чарговы раз загаварыў пра неабходнасьць «перагарнуць старонку» і разабрацца.

«Я асабіста, як і многія тут, не хачу, каб нашы суайчыньнікі недзе боўталіся ў вас за мяжой. Ці то ў Англіі, ці то ў Францыі. І нават у Польшчы, дзе сёньня ў лякарнях няма каму працаваць. А вось „дрэнная Беларусь“ — нашы лекары — там нарасхват. Я хачу, каб яны жылі тут і працавалі тут. І мы гатовыя дараваць тое, што можна дараваць. Вось такая ў нас дэмакратычная дыктатура».

Пра сустрэчу з Пуціным

Варта адзначыць, што сустрэча Лукашэнкі з журналістамі адбываецца за дзень да ягонай сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. 17 лютага, як анансаваў Лукашэнка, адбудуцца ягоныя перамовы з прэзыдэнтам Расеі.

«Адно з найважнейшых пытаньняў: мы ўсё ж такі хочам паглядзець, як урады Беларусі і Расеі выконваюць пастаўленыя намі задачы. Перш за ўсё эканамічныя: па энэрганосьбітах, адзіным рынку, імпартазамяшчэньні — як фінансуюцца, як рэалізуюцца. І калі мы выйдзем на пытаньне нашай сумеснай групоўкі ў Беларусі, канечне, будзем і гэта абмяркоўваць».

Пра ядзерную зброю

«Нам стратэгічная зброя абсалютна не патрэбная. Мы не зьбіраемся забіваць амэрыканцаў і ажыцьцяўляць пускі ядзерных стратэгічных ракет з тэрыторыі Беларусі. У нас былі самыя сучасныя „Тополь-М“. Самая сучасная зброя стаяла тут. Захад абяцаў, што яны ніколі ня будуць замахвацца на нашы сувэрэнітэт і незалежнасьць, ніколі не прыменяць да нас эканамічных санкцый. На гэта наплявалі, растапталі, ужываюць супраць нас санкцыі. Душаць, дзе толькі магчыма, у парушэньне той дамовы. Калі б у нас была гэтая ядзерная зброя, яны б з намі так не размаўлялі. Значыць, разумеюць толькі сілу.

Таму нам стратэгічная ядзерная зброя не патрэбная. Мы не зьбіраемся наносіць удар па Амэрыцы і нават па эўрапейскіх краінах. А тактычная ядзерная зброя — гэта пра яе ідзе гаворка, каб былі падрыхтаваныя гэтыя самалёты, якія могуць несьці тактычную ядзерную зброю».

Варта адзначыць, што ядзерную зброю вывелі зь Беларусі ў 1996 годзе, і Лукашэнка тады быў супраць гэтага.

Задаваў пытаньні Лукашэнку і журналіст BBC Стывэн Розэнбэрг, які зрабіў зь ім інтэрвію восеньню 2021 году. Пасьля таго інтэрвію журналіст адзначаў, што яны з Лукашэнкам гаварылі пра «дзьве розныя Беларусі», бо Лукашэнка ўвесь час намагаўся адцягнуць увагу ад рэпрэсій, якія адбываюцца ў яго краіне. Пасьля Розэнбэргу задавалі правакацыйныя пытаньні супрацоўнікі беларускіх дзяржаўных СМІ.

Стывэн Розэнбэрг
Стывэн Розэнбэрг

Тады ў інтэрвію Лукашэнка не адмаўляў, што рэпрэсіі былі, але цьвердзіў, што «абараняў сваю краіну». Ён неаднаразова казаў, што Беларусь нібыта «аточаная ворагамі». Па дзяржаўнай тэлевізіі паказалі толькі змантажаваную вэрсію запісу, выставіўшы Лукашэнку ў больш выгадным сьвятле, казаў Розэнбэрг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG