Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе ў Беларусі лепш жыць? І куды зьніклі пэнсіянэры? Рэйтынг беларускіх гарадоў за 2022 год ад Цэнтру новых ідэяў


Менск, плошча Перамогі
Менск, плошча Перамогі

Цэнтар новых ідэяў (ЦНІ) склаў рэйтынг беларускіх гарадоў , у якім дасьледчыкі прааналізавалі 40 самых буйных гарадоў Беларусі.

Паводле іх, ва ўмовах моцных рэпрэсій, эканамічнага спаду, саўдзелу Беларусі ў расейскай вайне супраць Украіны канцэпцыя «найлепшага гораду» ператварылася хутчэй у «горад, куды можна перабрацца для лепшага жыцьця, калі ня хочаш эміграваць».

Каб выявіць лідэраў і аўтсайдэраў, ЦНІ вызначыў 13 паказчыкаў у чатырох катэгорыях: дэмаграфічная ўстойлівасьць, стан эканомікі, якасьць жыцьця і грамадзка-палітычныя практыкі.

«Найвышэйшая ліга» і «Ўсходняя бездань»

З часоў мінулага рэйтынгу сьпіс гарадоў найвышэйшай лігі не зьмяніўся. Безумоўна, самы топавы горад — Менск, аднак Горадня і Берасьце істотна апярэджваюць іншыя гарады. У іх больш лекараў, вышэйшыя заробкі, добры прырост насельніцтва.

Сярод адсталых абласных цэнтраў у рэйтынг традыцыйна трапілі ўсходнія гарады: Гомель, Віцебск і Магілёў. У гэтых гарадах адносна нізкі прырост насельніцтва, існуюць праблемы з заробкамі і выкананьнем бюджэтаў, але яны захоўваюць высокі ўзровень жыцьця дзякуючы вялікай колькасьці дактароў, студэнтаў і ня вельмі высокай злачыннасьці.

Пры гэтым у асобную падгрупу вылучаюцца прадстаўнікі «прамысловасьці, якая памірае»: Бабруйск, Баранавічы і Барысаў. Для гэтых гарадоў характэрны даволі высокі паказчык заробкаў, аднак па ўсіх іншых паказчыках гэтыя населеныя пункты проста ідуць на дно — тут вельмі мала лекараў і высокі ўзровень злачыннасьці.

У катэгорыю «ўсходняя бездань» трапілі раённыя цэнтры на ўсходзе Беларусі: Ворша, Рэчыца, Сьветлагорск, Калінкавічы, Рагачоў, Горкі, Асіповічы, Крычаў. Гэтыя гарады вельмі розныя, напрыклад, у Рэчыцы (за кошт нафты) і ў Воршы (як у буйным транспартным вузьле) сярэдні заробак вышэйшы, чым у большасьці раённых цэнтраў. У той жа час гэтыя гарады стаяць значна ніжэй паводле якасьці жыцьця: праблемы з адукацыяй і лекарамі, слабая грамадзкая актыўнасьць.

Год страху і безнадзейнасьці

Каб ацаніць палітычную актыўнасьць, дасьледчыкі параўналі дадзеныя плятформы «Голас» па ўдзеле гараджан у выбарах 2020 году для рэйтынгу гарадоў 2021 году і па ўдзеле ў кампаніі па рэфэрэндуме для рэйтынгу 2022 году. Чакана, што карціна вельмі адрозьніваецца: актыўнасьць беларусаў упала ў дзесяць разоў.

Анамальнае маладзеньне гарадоў

Даўно вядома, што беларусы — нацыя, якая старэе, і доля насельніцтва ў пэнсійным узросьце павялічваецца з году ў год. Аднак у гэтым рэйтынгу мы назіраем зьніжэньне долі насельніцтва ў пэнсійным узросьце ў кожным з дасьледаваных гарадоў. Гэтае зьніжэньне досыць невялікае — у сярэднім 4–6 адсоткавых пунктаў у кожным з гарадоў, аднак такая дынаміка тым ня менш незвычайная. ЦНІ лічыць, што гэтае зьніжэньне ўскосна паказвае на ўплыў эпідэміі ковіду на беларусаў. Сьмяротнасьць ад ковіду значна вышэйшая сярод людзей пажылога ўзросту. І ковід тут — найбольш адпаведнае тлумачэньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG