Для Цэнтральнай выбарчай камісіі непрынцыпова, ці будуць на выбарах замежныя назіральнікі, у тым ліку ад Бюро ў дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ, заявіў у праграме «Контуры» на тэлеканале АНТ кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка.
«У нас нейкі склаўся міт аб нейкай супэрвыключнасьці ў ацэнцы выбараў з боку місіі БДІПЧ АБСЭ. Хаця, калі паглядзець, нейкага адзінага дакумэнту, які быў бы прыняты ўсімі краінамі, падпісаны кіраўнікамі дзяржаў, ратыфікаваны ўсімі краінамі – членамі арганізацыі, якімі і мы зьяўляемся, пакуль няма на сёньняшні момант. Там ідзе кіраўніцтва выключна мэтадычнымі рэкамэндацыямі», — заявіў Карпенка.
Паводле яго, непрынцыпова, «колькі будзе міжнародных назіральнікаў, прыедуць тыя ці іншыя, не прыедуць і гэтак далей».
«Наша задача — арганізаваць выбарчы працэс у адпаведнасьці з заканадаўствам», — сказаў Карпенка, прызначаны на гэтую пасаду Аляксандрам Лукашэнкам, які, паводле афіцыйных вынікаў, падведзеных ранейшым кіраўніцтвам ЦВК на чале зь Лідзіяй Ярмошынай у 2020 годзе, перамог на прэзыдэнцкіх выбарах у першым туры. Міжнародная супольнасьць тыя выбары, як і шэраг папярэдніх прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх, не прызнала, заявіўшы пра шматлікія парушэньні.
Назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ ўлады не запрашалі на так званы канстытуцыйны рэфэрэндум 27 лютага 2022 году.
«Мы бачым, што справаздачы па выніках назіраньня пішуцца загадзя, яны максымальна палітызаваныя, і няма сэнсу запрашаць такія структуры. БДІПЧ трэба сур’ёзна задумацца над гэтай тэндэнцыяй і зрабіць высновы, інакш колькасьць фактаў, зьвязаных зь незапрашэньнем гэтай структуры на назіраньне, будзе павялічвацца», — заявіў тады кіраўнік МЗС Уладзімер Макей.
Ён паведаміў тады, што на рэфэрэндум запрасілі назіральнікаў ад СНД і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Паводле Макея, меркавалася таксама задзейнічаць каля 40 тысяч унутраных назіральнікаў і 30 «фізычных асоб з ЭЗ, якія выказалі жаданьне ўдзельнічаць у назіраньні».
У 2020 годзе ўлады Беларусі са спазьненьнем накіравалі запрашэньне для назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ на прэзыдэнцкія выбары. Арганізацыя адмовілася накіроўваць сваіх прадстаўнікоў.