Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволеная Наста Лойка адмовілася падчас сьледзтва даваць паказаньні ў справе «Вясны»


Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч у судзе
Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч у судзе

Апошнія навіны з суду Ленінскага раёну Менску, дзе больш за тры тыдні ідзе разгляд крымінальнай «справы „Вясны“».

Працэс над старшынёй «Вясны», нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім, ягоным намесьнікам і віцэ-прэзыдэнтам FIDH Валянцінам Стэфановічам, каардынатарам кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімерам Лабковічам і праваабаронцам Дзьмітрыем Салаўёвым (завочна) знаходзіцца на стадыі дасьледаваньня пісьмовых матэрыялаў справы.

На судзе агучылі ўжо 213 тамоў справы з 284, паведамляе «Вясна».

Бяляцкі адмаўляе, што «Вясна» аплачвала штрафы

У пісьмовых матэрыялах справы шмат дакумэнтаў, якія тычацца дзейнасьці Праваабарончага цэнтру «Вясна», а таксама зьвестак пра перасячэньне дзяржаўнай мяжы Беларусі ў розныя гады з 2016 году сябрамі «Вясны».

Як адзначыў на судзе Алесь Бяляцкі, абвінавачаньне ня мае зьвестак, што выяўленыя сьледзтвам 89 чалавек перамяшчалі празь мяжу грашовыя сродкі, а не выяжджалі зь Беларусі ў асабістых справах. Палітзьняволеныя праваабаронцы называюць гэта «здагадкамі сьледзтва».

Акрамя гэтага, Алесь Бяляцкі акцэнтуе ўвагу суду, што нідзе ня згадваецца, што ён, Лабковіч і Стэфановіч неяк арганізоўвалі перамяшчэньне наяўных грашовых сродкаў праз мытную мяжу.

«Няхай канкрэтна скажуць, што ПЦ „Вясна“ зьяўляецца арганізаванай злачыннай групоўкай, і тады разглядаюць нашую дзейнасьць пад такім судом, а то незразумела, хто мы. Калі мы кантрабандысты, значыць, мы кантрабандысты; калі злачынная групоўка, то, значыць, злачынная групоўка», — сказаў Алесь Бяляцкі на судзе.

Паводле абвінавачаньня па ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу, праваабаронцы «Вясны» нібыта «наўмысна ажыцьцявілі падрыхтоўку грамадзян для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама фінансаваньне і матэрыяльнае забесьпячэньне такіх акцый пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасьці, у тым ліку ад імя ПЦ „Вясна“, незарэгістраванага фонду „By_help“, у пэрыяд з траўня 2020 году па 14 ліпеня 2021 году». Доказамі гэтага абвінавачаньне выстаўляе, сярод іншага, перапіску праваабаронцаў. Але яны сьцьвярджаюць, што выплатамі займаўся выключна фонд «By_help».

«Перамовы ў групе ў фэйсбуку, якія дасталі з памяці майго тэлефона, — размова ішла пра дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій. І тут канкрэтна ідзе размова, хто займаецца гэтай дапамогай, і я пішу, што яны — размова ішла пра „By_help“ — кампэнсуюць штрафы і сутачныя, калі хто не паленаваўся да іх зьвярнуцца», — сказаў Алесь Бяляцкі на судзе.

Праваабаронца тлумачыць, што дапамогай у кампэнсаваньні штрафаў і сутачных Праваабарончы цэнтар «Вясна» не займаўся.

У прыватнасьці, праваабаронцам ставіцца ў віну аплата штрафаў; выплата грашовых кампэнсацый за сродкі, затрачаныя на аплату штрафаў; аплата рахункаў за харчаваньне ў месцах адбыцьця спагнаньняў у выглядзе адміністрацыйных арыштаў; аплата працы адвакатаў.

Наста Лойка адмовілася даваць паказаньні на вясноўцаў

Па гэтым факце на этапе сьледзтва дапыталі ў якасьці падазраванай праваабаронцу Насту Лойку.

Яна адмовілася даваць паказаньні наконт дзейнасьці Праваабарончага цэнтру «Вясна» і працы яго сяброў. Пры гэтым яна адмаўляла факты перамяшчэньня ёю грашовых сродкаў празь мяжу.

Тым ня менш яна фігуруе ў абвінавачаньні як удзельніца «арганізаванай групы» паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэксу («кантрабанда арганізаванай групай»).

Усе прэтэнзіі зь яе зьнялі восеньню 2022 году.

Шмат дакумэнтаў бяз подпісаў і пячатак

Падсудны Ўладзь Лабковіч зьвярнуў увагу суду на тое, што ў матэрыялах справы зьмяшчаецца вялікая колькасьць дакумэнтаў бяз подпісаў і пячатак, якія і складаюць доказную базу ў справе.

«А значыць, яны юрыдычна нікчэмныя», — зазначыў Уладзь на судзе.

Таксама Ўладзімер Лабковіч адзначыў, што няправільна лічыць доказамі ў справе заяўкі на атрыманьне грантаў:

«Гэта толькі значыць, што хтосьці хацеў атрымаць гэтыя грошы, але ня факт, што іх атрымалі».

Уладзь зьвярнуў увагу, што ён задэкляраваў гэтыя грошы і сплаціў зь іх падатак. Але на гэтыя грошы наклалі арышт і прызналі рэчавым доказам.

«Нельга гаварыць пра грошы, выстаўленыя ў абвінавачаньні, як пра агульную суму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG