Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 27 траўня: «Жыцьцё-маліна» назвалі «экстрэмісцкім фармаваньнем»; ціск на тых, хто запісаў свой бізнэс у сэрвісе «SVAE»


Беларускія сілавікі. Ілюстрацыйнае фота
Беларускія сілавікі. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Праваабаронцам стала вядома пра ціск на беларусаў, якія нанесьлі свае бізнэсы на карту «SVAE»

Як піша праваабарончы цэнтар «Вясна», як мінімум дзьве беларускі вымушана разьмясьцілі свае тлумачэньні пра тое, што разьмясьцілі зьвесткі пра свой эміграцыйны бізнэс у базе «SVAE». Яны апублікавалі ў сваіх інстаграм-акаўнтах відэа з парадамі для сяброў, у якіх кажуць, што сілавікі прыходзяць з вобшукамі ў Беларусі да тых, хто жыве за мяжой, але ўносіў даныя пра свае бізнэсы ў сэрвіс.

У адным з відэа дзяўчына кажа, што калі жыла і вучылася ў Тбілісі, то «зарэгістравала свае паслугі на карце праграмы «Новая Беларусь», а цяпер да яе маці прыйшлі з ператрусам. У апублікаванай гісторыі дзяўчына кажа, што «публікацыя ўзгодненая з праваахоўнікамі Беларусі». Дадае, што «спадзяецца, што ўсе скончыцца добра».

SVAE (раней — «Новая Беларусь») — сэрвіс, на якім беларусы-эмігранты, якія займаюцца бізнэсам ці аказваюць паслугі, маглі пакінуць зьвесткі пра сябе, каб карыстальнікі плятформы з дыяспары маглі іх знайсьці. У 2023 годзе плятформа была прызнаная «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Праект «Жыцьцё-маліна» назвалі «экстрэмісцкім фармаваньнем»

Неафіцыйны Telegram-канал сілавікоў, які паведаміў пра гэта прыгразіў тэрмінамі ўсім, хто «ўдзельнічае або ажыцьцяўляе любую перадачу зьвестак прадстаўнікам фарміраваньня», піша @zerkalo_io. У сьпісе МУС яго яшчэ няма.

Папулярны Youtube-канал «Жыцьцё-маліна» вядзе Мікіта Мелказёраў.

У сьпісе «экстрэмісцкіх фарміраваньняў» цяпер каля 300 пазыцый. Улады Беларусі выкарыстоўваюць абвінавачаньні ў экстрэмізьме для барацьбы з палітычнымі апанэнтамі.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG