Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні візыту Лукашэнкі зымбабвійскае выданьне піша пра скандалы, зьвязаныя зь Беларусьсю, у тым ліку, пра продаж дыямэнтаў


Прэзыдэнт Зымбабввэ Эмерсанм Мнангагва, зь якім будзе сустракацца Лукашэнка
Прэзыдэнт Зымбабввэ Эмерсанм Мнангагва, зь якім будзе сустракацца Лукашэнка

Візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Зымбабвэ адбудзецца 30 студзеня — 1 лютага, паведамляе мясцовае МЗС.

Заплянаваныя перамовы 68-гадовага Лукашэнкі з 80-гадовым прэзыдэнтам краіны Эмерсанам Мнангагвай.

У рэлізе зазначаецца, што бакі «цесна супрацоўнічаюць у палітычнай, эканамічнай сфэры, уключаючы горназдабыўную прамысловасьць і сельскую гаспадарку, а таксама ў кіраваньні рызыкамі стыхійных бедзтваў». Чакаецца, што Мнангагва і Лукашэнка «дадуць старт другому этапу зымбабвійска-беларускай праграмы мэханізацыі сельскай гаспадаркі» і падпішуць «некалькі пагадненьняў».

Зымбабвійскае МЗС называе візыт гістарычным, паколькі за 28 гадоў знаходжаньня ва ўладзе Лукашэнка яшчэ не наведваў краіны на поўдзень ад пустыні Сахары.

У 2015 годзе Мнангагва, будучы віцэ-прэзыдэнтам Зымбабвэ, сустракаўся з Лукашэнкам у Менску. Першы візыт у Беларусь на пасадзе кіраўніка дзяржавы Мнангагва зрабіў у 2019 годзе.

Летась 11 ліпеня адкрылася беларускае пасольства ў гэтай краіне.

22 жніўня Лукашэнка заявіў, што ў сувязі з заходнімі пэрспэктыўнымі санкцыямі могуць быць «і такія далёкія краіны, як, напрыклад, Зымбабвэ»: «Гэта ўнікальны край, краіна. І ў такіх краінах вы зможаце працаваць, дзе таксама праблем хапае. Усё жыцьцё душылі Зымбабвэ санкцыямі. Мусіць, золата, алмазы супакою не даюць некаторым заходнім кіраўнікам».

Напярэдадні візыту выданьне New Zimbabwe піша пра ўнутраныя скандалы, зьвязаныя з Беларусьсю.

Першы зьвязаны з закупкай летась урадам Зымбабвэ ў Беларусі пажарных машын, пра якія «ніколі не прасілі» ўлады на месцах. Зьдзелку, якую плянавалася рэалізаваць за кошт мясцовых бюджэтаў (70 машын за 32 млн даляраў ЗША), «рэзка асудзілі» як праўладныя, так і апазыцыйныя дэпутаты парлямэнту.

Іншы скандал тычыўся продажу дыямэнтаў, для чаго ўрад выбіраў дружалюбныя беларускія кампаніі.

Акрамя таго, у публікацыі згадваецца закупка нібыта беларускіх (згодна зь іншымі крыніцамі — кітайскіх) аўтобусаў, якая таксама выклікала спрэчкі (у 2020 годзе).

  • У ЗЫмбабвэ Лукашэнка прыляціць з ААЭ, дзе знаходзіцца з 27 студзеня. За тры дні яго прэсавая служба паведаміла толькі пра «кароткія перамовы» па прылёце ў Абу-Дабі і апублікавала ролік, дзе ён са шпіцам на стале п’е са сваім трэнэрам па тэнісе, бізнэсмэнам Сяргеем Цяцерыным за перамогу тэнісісткі Арыны Сабаленкі на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG