«Да гэтага часу плацяжы адсочваліся і ацэньваліся на адпаведнасьць дзейным санкцыйным нормам, але з прычыны разьвіцьця сытуацыі ва Ўкраіне і пасьля далейшага ўзмацненьня жорсткасьці захадаў банк прыняў рашэньне спыніць іх ажыцьцяўленьне. Прымаць уваходныя плацяжы можна будзе, калі яны не супярэчаць дзейнаму санкцыйнаму рэглямэнту і санкцыйнай палітыцы банку», — заявілі ў чэскім падразьдзяленьні Raiffeisenbank.
Разьлікі з Расеяй і Беларусьсю спыняцца з 15 лютага 2023 году.
Там удакладнілі, што раней абмежаваньні ўводзілі супраць Ірану, Афганістану, Судану і Сырыі.
Пасьля пачатку вайны і наступнай анэксіі часткі тэрыторыі Ўсходняй Украіны забарона на ўваходныя і выходныя плацяжы распаўсюджваецца таксама на анэксаваныя тэрыторыі паўвострава Крым, Данецкай, Луганскай, Запароскай і Херсонскай абласьцей.
Іншыя аддзяленьні міжнароднай сеткі Raiffeisen Bank International пра падобныя абмежаваньні пакуль не заяўлялі.
У кантакт-цэнтры «Прыёрбанку» — беларускай «дачкі» аўстрыйскай кампаніі — не змаглі ўдакладніць, ці адаб’юцца нейкім чынам на іх кліентах абмежаваньні чэскага банку. «Нам не паступала ніякай інфармацыі», — паведамілі ў кантакт-цэнтры, піша Zerkalo.
Банк не пад санкцыямі, але ў Беларусі зазнаў перасьлед
У жніўні 2021 году Raiffeisen Bank International абмежаваў супрацоўніцтва зь Беларусбанкам праз санкцыі супраць Беларусі. Тры банкі — Беларусбанк, Белаграпрамбанк і Белінвэстбанк — раней трапілі пад сэктаральныя санкцыі Эўразьвязу.
У лістападзе 2022 году «Прыёрбанк» абнавіў тарыфы для прыватных кліентаў: зь пераліку паслуг зьніклі SWIFT-пераводы ў далярах і эўра. З актуальнай рэдакцыі тарыфаў «Прыёрбанку» вынікае, што для міжнародных пераводаў цяпер дзейнічаюць спэцыяльныя ўмовы.
Трэба адзначыць, што летась у Беларусі асудзілі стваральніка і кіраўніка праўленьня «Прыёрбанку» Сяргея Касьцючэнку. Яго затрымалі 9 сакавіка. У жніўні банкіру прысудзілі 3,5 года пазбаўленьня волі, яго прызналі вінаватым ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў, што пацягнула за сабой страты ў асабліва буйным памеры.
Разам з Касьцючэнкам асуджаныя два бізнэсмэны: яны атрымалі па 3 гады пазбаўленьня волі.
Іх прызналі вінаватымі ў тым, што ў пэрыяд з 1 сьнежня 2007 году па 22 студзеня 2021 году ў парушэньне Палажэньня аб Парку высокіх тэхналёгій шляхам наўмыснага заніжэньня падатковай базы, у тым ліку праз унясеньне ў падатковыя дэклярацыі заведама ілжывых зьвестак, яны ўхіліліся ад выплаты падаткаў на агульную суму больш як 1,5 мільёна рублёў.
Ёсьць непацьверджаная інфармацыя, што незадоўга перад арыштам ён адмовіў фаварыту Лукашэнкі, хакейнаму трэнэру Дзьмітрыю Баскаву, у просьбе фінансаваць хакейнае «Дынама».