Пра гэта паведамляе DW.
У дакладзе, які мае назву «Выжываньне найбагацейшых», гаворыцца, што каля 26 трыльёнаў даляраў ЗША, або амаль 62% сусьветнага багацьця, якое было назапашана з 2020 году падчас крызісу, выкліканага пандэміяй COVID-19, апынуліся ў руках 1% найбагацейшых людзей плянэты, у той час як на астатнія 99% насельніцтва прыйшлося толькі 16 трыльёнаў даляраў, або 38% гэтага прыросту.
Годам раней багацьце мільярдэраў ізноў падскочыла дзякуючы «імкліваму росту прыбытку харчовых і энэргетычных кампаній». Па дадзеных Oxfam, у 2022 годзе 95% гэтых кампаній больш чым падвоілі свае прыбыткі.
Кожны дзясяты жыхар Зямлі галадае
У той жа час сама меней 1,7 мільярда людзей пражываюць у краінах, дзе інфляцыя апярэджвае тэмпы росту заробкаў, адзначаецца ў дакладзе. Больш за 820 мільёнаў чалавек, або прыкладна кожны дзясяты жыхар Зямлі, пакутуюць ад голаду. Пры гэтым каля 60% галадаючага насельніцтва сьвету — жаночага полу.
Гэта, мабыць, самы вялікі рост глябальнай няроўнасьці і беднасьці з часоў Другой сусьветнай вайны, піша арганізацыя са спасылкай на дадзеныя Сусьветнага банку. Oxfam заклікала ўрады краін па ўсім сьвеце падвысіць падаткі на багацьце, а таксама на «празьмерны звышпрыбытак» у выніку пандэміі каранавірусу і інфляцыі, каб спыніць распаўсюд беднасьці і голаду.
Летась у справаздачы ААН аб харчовай бясьпецы і харчаваньні гаварылася, што ежы ў сьвеце пэрыядычна не хапае для 31,9% жанчын і 27,6% мужчын, пры гэтым з пачатку пандэміі COVID-19 разрыў паміж імі павялічыўся на адзін працэнтны пункт. Каля 45 мільёнаў дзяцей да пяці гадоў пакутуюць ад зьнясіленьня (сьмяротнай формы недаяданьня), гэта 6,7% усіх дзяцей на плянэце. Пры гэтым у 39 мільёнаў дзяцей таго ж узросту, або 5,7%, зафіксавана атлусьценьне.
Больш за палову ўсіх, хто цярпіць ад голаду, жывуць у краінах Азіі, яшчэ каля траціны — у Афрыцы, рэшта прыпадае на краіны Лацінскай Амэрыкі і Карыбскага басэйна.