Папярэднія вынікі паказваюць, што ўльтраправая партыя Альтэрнатыва для Нямеччыны (AfD) дасягнула найлепшага выніку за ўсю гісторыю на парлямэнцкіх выбарах у Нямеччыне, заняўшы другое месца з прыкладна 20% галасоў, што амаль удвая больш, чым чатыры гады таму.
Але ў многіх краінах ЭЗ, дзе кіруюць цэнтрысты, а таксама ў самой Нямеччыне ўздыхнулі з палёгкай, бо вынікі галасаваньня адпавядаюць прагнозам. Нягледзячы на гучную ўхвалу з боку найбагацейшага чалавека ў сьвеце Ілaна Маска, а таксама крайне правых папулісцкіх лідэраў як са Злучаных Штатаў, так і з Эўропы, AfD заняла другое месца пасьля правацэнтрысцкай партыі ХДЗ/ХСЗ.
ХДЗ/ХСЗ заняла першае месца, набраўшы каля 30% галасоў, і лідэр ХДЗ Фрыдрых Мэрц адзначыў, што палічыў бы за лепшае мець толькі аднаго партнэра ў кааліцыі, унікаючы грувасткай трохпартыйнай структуры папярэдняга нямецкага ўраду, кіраваньне якой было азмрочана міжусобіцай і ў выніку прывяло да пазачарговых выбараў.
Мэрц будзе спрабаваць сфармаваць урад, і адзінае, што больш-менш пэўна, гэта тое, што AfD ня будзе ўдзельнічаць у перамовах, бо супрацы зь ёю ўнікаюць іншыя буйныя палітычныя партыі Нямеччыны.
Пытаньне, ці даможацца Мэрц свайго. Лічбы паказваюць, што яму, магчыма, давядзецца прыняць як мінімум дзьве партыі, каб атрымаць парлямэнцкую большасьць. Двума галоўнымі кандыдатамі ёсьць левацэнтрысцкая СДПГ на чале зь цяперашнім канцлерам Оляфам Шольцам, якая страціла амаль 10 працэнтных пунктаў у параўнаньні з ранейшымі выбарамі, атрымаўшы толькі 16 працэнтаў, і „Зялёныя“, якія занялі чацьвёртае месца з 14%.
Цяпер пытаньне ў тым, колькі часу спатрэбіцца на фармаваньне новага ўраду. Мэрц заявіў, што хоча, каб усё было зроблена не пазьней за другую палову красавіка.
Чым хутчэй ён справіцца, тым лепш, улічваючы, што ўрад чакае шэраг неадкладных справаў. Нямецкая эканоміка перажыла два гады запар рэцэсіі, і многія выбарцы чакаюць, што іміграцыйныя правілы будуць больш жорсткімі, тым больш, што ў апошнія месяцы ў загалоўкі газэт трапіла некалькі сьмяротных нападаў імігрантаў, зьвязаных з радыкальным ісламам.
Але самай вялікай неадкладнай праблемай будзе тое, як будаваць адносіны з новай адміністрацыяй ЗША і як гарантаваць, што Эўропа займее права голасу ў якой-хаця патэнцыйнай угодзе паміж Злучанымі Штатамі і Расеяй аб Украіне. Мэрц сапраўды мае некаторыя агульныя рысы з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам: яны абодва здабылі досьвед у бізнэсе і, напрыклад, заўзятыя гульцы ў гольф, але ці будзе гэтага дастаткова?
Імаверная трансатлянтычная гандлёвая вайна моцна ўдарыць па арыентаванай на экспарт нямецкай эканоміцы, і Трамп заявіў, што неўзабаве ўвядзе высокія мыты на нямецкія аўтамабілі, а большасьць нямецкіх палітычных партыяў, у тым ліку ХДЗ/ХСЗ, цьвёрда хочуць працягваць падтрымліваць Украіну як эканамічна, так і палітычна.
Перад новым канцлерам Нямеччыны паўстане шмат праблем. І Эўропа будзе спадзявацца, што Нямеччына возьме на сябе ініцыятыву ў многіх пытаньнях. Напрыклад, іншыя эўрапейскія краіны будуць зьвяртацца да Нямеччыны, каб даведацца, ці гатовая яна накіраваць войскі для назіраньня за магчымым спыненьнем агню ва Ўкраіне. І яны таксама будуць глядзець, ці гатовая Нямеччына адмовіцца ад свайго традыцыйнага супраціву пазыкам, каб цэлы Эўразьвяз мог выпускаць аблігацыі ЭЗ, якія дазволілі б кантынэнту хутка павялічыць выдаткі на абарону.
Форум