Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не было ніякай „мяккай беларусізацыі“». Мовазнаўца Вячорка пра вынішчэньне беларускай мовы і напад на лацінку


Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка

Мовазнаўца Вінцук Вячорка на канале Свабода Premium выказаўся пра зьмены ў абавязковых моўных экзамэнах, пра напад чыноўнікаў на беларускую лацінку, а таксама пра ўплывы «русского мира» на моўную палітыку ў сучаснай Беларусі.

«Чарговы ўдар па прэстыжнасьці беларускай мовы»

— Яшчэ 23 жніўня мінулага году Міністэрства адукацыі прыняло пастанову, якою аб‘яднала абавязковыя выпускныя экзамэны ў школах з уступнымі. Беларуская ці расейская мова — на выбар. Чамусьці з публікацыяй пастановы цягнулі паўгода. Як вы ацэньваеце гэтую зьмену?

— Так, ёсьць інтрыга ў гэтым зацягваньні публікацыі. Такое ўражаньне, што ці прамацвалі настроі, ці то чакалі нейкіх дадатковых «указівак».

Як бы спрашчаецца жыцьцё выпускнікам, якія будуць абітурыентамі. Бо аб’ядноўваецца выпускное выпрабаваньне і выпрабаваньне з мэтай паступленьня. Але беларуская мова так і не набывае статус абавязковага экзамэнацыйнага прадмету.

Гэта адпаведна ўплывае на яе прэстыжнасьць, на месца беларускай мовы ў сьвядомасьці і полі ўвагі і вучняў, і пэдагогаў, і тых, хто робіць справаздачы за эфэктыўнасьць пэдагагічнай сыстэмы.

Апошні статусны парог, які мае беларуская мова ў цяперашняй беларускай сярэдняй адукацыі, — выпрабаваньне ў фармаце пераказу ў 9-й клясе.

— Што б вы адказалі на такі аргумэнт, што чалавеку ж, маўляў, даюць магчымасьць самому выбраць мову, і, можа, ён ня будзе здаваць якраз расейскую?

— Гэтая ўяўная дэмакратычнасьць — злучнік «або» — выкарыстоўваецца ўладамі з 1995 году, з таго памятнага рэфэрэндуму, адным з галоўных пытаньняў якога быў менавіта лёс дзяржаўнасьці беларускае мовы.

Тады гаварылі пра ўяўнае двумоўе і раўнапраўе. Але заканадаўчае раўнапраўе дзьвюх моваў было б тады, калі б яны былі спалучаныя злучнікам «і». Гэта значыць, кожны чыноўнік абавязаны валодаць і выкарыстоўваць і расейскую, і беларускую пароўну.

Гэта значыць, што, напрыклад, базы зьвестак грамадзянаў і афіцыйныя дакумэнты на нерухомасьць павінны выдавацца не «або», а «і» — і на беларускай, і на расейскай. Усё экзамэны павінны былі б быць і на беларускай, і на расейскай. Але ж так ня ёсьць.

У варунках, калі беларуская мова ня мае функцыянальна раўнапраўнага статусу, калі зь беларускай мовай ня зьвязваюцца жыцьцёвыя пэрспэктывы чалавека, ня зьвязваецца кар’ера ў добрым сэнсе гэтага слова, то зразумела, што ён выбірае тую мову, якая нейкую пэрспэктыву абазначае.

Я, дарэчы, не паленаваўся пацікавіцца лёсам спэцыяльнасьці «беларуская мова» ў вышэйшых навучальных установах — у прыватнасьці, у Магілёўскім унівэрсытэце імя Куляшова. Акрамя таго, што гэта «альма матэр» Лукашэнкі, там вучыўся і адзін зь цяперашніх дзяржаўных прапагандыстаў, якога «вітрынна» выстаўляюць як паказушна беларускамоўнага, — Марзалюк.

Зь мінулага году спэцыяльнасьці «беларуская мова» на гістарычна-філялягічным факультэце там няма. Там яшчэ вучацца паводле гэтай спэцыяльнасьці на другім-трэцім курсе, але летась набору ўжо не было, і сёлета набору таксама не плянуецца. І гэта не адзіны ўнівэрсытэт, у якім проста выкаранілі гэтую спэцыялізацыю. Відавочна, што патрэбы няма і не прагназуюць.

«Атака на лацінку — сынхранізацыя з Расеяй»

— Днямі Рэспубліканская рада гістарычнай палітыкі парэкамэндавала скасаваць трансьлітарацыю геаграфічных назваў на аснове лацінкі. Што гэта можа значыць на практыцы?

— Яшчэ ў 2002 годзе расейская Дума заканадаўча прыняла забарону для дзяржаўных моваў так званых рэспублік, што ўваходзяць у Расейскую Фэдэрацыю, ужываць іншыя альфабэты, акрамя кірыліцы. Там гэта была рэакцыя на спробы ўзаконіць лацінку для татарскай мовы, для некаторых іншых цюрскіх моваў. Дарэчы, карэльская мова, якая дыялект фінскай, нават ня мае статусу дзяржаўнай у адпаведнай рэспубліцы.

Атака на лацінку, няхай сабе ў абліччы трансьлітарацыі, — гэта сынхранізацыя моўнай палітыкі і цывілізацыйна-культурнай ідэнтычнасьці вось гэтай будучай Беларусі з Расейскай Фэдэрацыяй.

У гэтай спробы ёсьць ідэалягічная матывацыя — адсячэньне Беларусі ад агульнаэўрапейскай культурнай прасторы, у тым ліку ад сьвету лацінскай мовы як мовы міжнароднай навукі, тэрміналёгіі, культуратворчасьці яшчэ з часоў супольнага эўрапейскага Сярэднявечча.

На практыцы цяпер сёе-тое будзе залежаць ад імпэту чыноўнікаў сярэдняга зьвяна. Дарэчы, кіраўнік адпаведнага дзяржаўнага камітэту, які фармальна адказвае за тапанімічную гаспадарку, ужо пачаў нешта цьмяна і блытана тлумачыць — што пастанова гэтага самага камітэту па зямельных рэсурсах ад 2000 году датычыць толькі картаграфічнай прадукцыі, разьлічанай на замежнага спажыўца.

Я пераправерыў гэтую пастанову. Там напісана дастаткова ясна, пра «картаграфічныя і іншыя» творы, скіраваныя на замежнага спажыўца. Тыя самыя турысты і госьці Беларусі — яны і ёсьць іншаземныя спажыўцы надпісаў на дарожных паказальніках, на сьценах станцыяў мэтро, на друкаваных і электронных мапах.

Таму з гэтых блытаных выказваньняў вынікае, што надпісы на аснове лацінкі зьбіраюцца выкасоўваць з публічнай прасторы. На жаль, я прагназую ўжо неўзабаве зачыстку сьценаў менскіх станцыяў мэтро, аўтобусных і тралейбусных прыпынкаў — там, дзе кірылічныя надпісы дублююцца лацінкавымі. Таксама могуць прыбраць з доступу рэсурсы, дзе беларускія тапонімы выкладзеныя ў трансьлітарацыі на аснове лацінкі.

«Нашыя продкі не капіявалі палякаў»

— У дакумэнтах, якія трапілі ў сеціва, дзяржаўныя чыноўнікі нібыта кажуць, што лацінка на паказальніках «ускладняе ўспрыманьне інфармацыі і абцяжарвае арыентаваньне». Наколькі з такім аргумэнтам можна пагадзіцца?

— Тыя, хто робіць гэтыя заявы, (а пачалі іх рабіць некалькі кручаных пэрсанажаў), паняцьця ня маюць, што такое трансьлітарацыя і раманізацыя (трансьлітарацыя зь перадачай на лацінскія літары).

Задача трансьлітарацыі — якраз нязьменнасьць імёнаў (у нашым выпадку геаграфічных назваў) у розных моўных кантэкстах. Незалежна ад мовы, у якой яны будуць напісаны, яны павінны выпісвацца нязьменна. Каб была пазнавальнасьць, ідэнтычнасьць і зарыентаванасьць — ня толькі на мапах і паказальніках але і ў газэтах і кнігах. Якая-небудзь польская Ruda Śląska мае дзьве спэцыфічныя польскія літары, і ніхто ні па-нямецку, ні па-чэску гэтыя літары не прыбірае.

Тое самае датычыць беларускае мовы. Мы гістарычна маем два альфабэты — кірыліцу і лацінку. І ў лацінамоўнай прасторы гэта значыць, што непісанае правіла — зьберагаць арыгінальнае напісаньне — стасуецца і нас. Нам ня трэба спэцыяльная сыстэма трансьлітарацыі. Мы проста пішам усюды, да прыкладу, Baranavičy, незалежна ад моўных кантэкстаў.

Нават у Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў ёсьць цэлая структура, якая ўпарадкоўвае сыстэмы перадачы тапонімаў з розных моваў у лацінапісьмовай прасторы.

— Кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка казаў пра цяперашнюю беларускую лацінку, што «ў яе аснову пакладзены польскі варыянт лацінскай графікі, які з XVI стагодзьдзя выкарыстоўваўся ў мэтах палянізацыі беларусаў разам з навязваньнем каталіцтва». Як вы ацэньваеце гэтую заяву?

— Па-першае, заява сама па сабе абуральная з гледзішча зьберажэньня міжканфэсійнага паразуменьня ў Беларусі. Шматвернасьць і шматканфэсійнасьць, якая налічвае шмат стагодзьдзяў, — гэта наш набытак.

Наша ўменьне дасягаць паразуменьня, якой бы традыцыі, якога б вызнаньня ты ні быў, гэта капітал у цяперашнім калі-нікалі беспадстаўна і штучна пасвараным сьвеце. Тут наносіцца ўдар па ўнутрыбеларускім міры і ўнутрыбеларускім паразуменьні.

Што да лацінкі як нібыта «інструмэнта палянізацыі». Скажу банальнасьць, але лацінка — ня польская. Лацінка — лацінская. Стварылі яе рымляне, лаціняне, недзе так у 5–7 стагодзьдзі да нашай эры для сваёй роднай лацінскай мовы.

І потым ужо розныя народы для соцень сваіх моваў на грунце гэтага дастаткова прадуманага альфабэту стваралі свае азбукі, дадаючы ў разе патрэбы нейкія свае літары альбо пакідаючы рымскі асартымэнт нязьменным.

Паколькі ў сярэднявечнай Беларусі лацінская мова была адным з важных фактараў прыналежнасьці да агульнаэўрапейскай дыпляматычнай і культурнай прасторы (яшчэ з XIII стагодзьдзя ў канцылярыі Міндоўга былі пісары, якія валодалі лацінскай мовай), то і літары гэтыя былі не чужыя.

Гэтымі літарамі ў лацінскіх дакумэнтах перадавалі, напрыклад, беларускія тапонімы, той жа самы Нясьвіж. Але запісвалі іх не на польскі лад, а імітавалі «лацінскасьць».

З XVI стагодзьдзя, калі пачалі лацінкай пісаць зьвязныя тэксты па-беларуску і нават адліваць іх, як на званах, выкарыстоўвалі перадусім звычайны рэпэртуар лацінскіх літараў.

У Моладаве Берасьцейскай вобласьці ёсьць звон 1583 году, увесь сьпярэшчаны тэкстам беларускай лацінкай. Гэта ня што іншае, як канвэртацыя на лацінскія літары беларускай кірыліцы. Скажам, там ёсьць слова «жыцьцё», і напісана яно без пазначэньня «цеканьня», празь літару t.

Калі б нашыя продкі нейкім чынам капіявалі палякаў, дык, відаць, скарысталі б магчымасьць абазначэньня «цеканьня». Бо ў польскай мове ёсьць «цеканьне», падобнае да беларускага. Але не, не скарысталі — засталіся пры той старадаўняй уласнабеларускай традыцыі.

Званы ў Моладаве
Званы ў Моладаве
Надпісы на звоне ў Моладаве
Надпісы на звоне ў Моладаве

А што да канфэсійнай прыналежнасьці, дык іронія гэтага культурнага фэномэну ў тым, што звон адліў праваслаўны Сымон Война, кашталян мсьціслаўскі, у памяць свайго бацькі. Род Войнаў праваслаўны, і царква ў Моладаве, якой ён ахвяраваў гэты звон, у 1583 годзе таксама была праваслаўная.

Карацей кажучы, тое, што заявіў Сергеенка, або яму падрыхтавалі ягоныя дараднікі, — гэта абуральны падман беларускай аўдыторыі.

«Расправа зь беларускамоўнымі кніжнымі выдавецтвамі паказальная»

— Ці адбыліся, на вашую думку, за апошнія некалькі гадоў рэзкія зьмены ў стаўленьні дзяржаўных чыноўнікаў да выкарыстаньня беларускай мовы ў розных сфэрах?

— Я ўжо прыводзіў прыклад з выкараненьнем спэцыяльнасьці «беларуская мова» з розных унівэрсытэтаў. Але тут, напэўна, трэба згадаць найбольш брутальныя прыклады апошніх двух гадоў, калі беларускамоўнасьць служыла дадатковым, а калі-нікалі і асноўным чыньнікам для рэпрэсіяў, жорсткага стаўленьня да затрыманых людзей.

Згадаю, напрыклад, выпадак з Гэнікам Лойкам. Гэта знакаміты скульптар, якога менавіта за ягоную беларускамоўнасьць асабліва брутальна трактавалі ў Заводзкім раённым упраўленьні ўнутраных справаў у 2021 годзе.

Думаю, што апошнія гады паслужылі ацьверазеньнем для тых, хто лічыў «мяккай беларусізацыяй» тое, што ў 2016–18 гадах беларусаў не «шчамілі» за беларускамоўнасьць і нават глядзелі скрозь пальцы на беларускамоўныя культурныя падзеі і кнігавыдавецтвы. Цяпер, відаць, ілюзіям канец.

Не было ніякай «мяккай беларусізацыі», было проста часовае папушчэньне лейцаў. З тым, каб гэтыя лейцы далей зацягнуць.

Я думаю, сыстэмная расправа зь беларускамоўнымі кніжнымі выдавецтвамі тут паказальная. Здавалася б, што такое кніга — у цяперашняй кнігі не мільёны, а толькі тысячы чытачоў. Але мэтанакіраваная расправа менавіта з тымі структурамі, якія выдавалі інтэлектуальную крэатыўную кніжную прадукцыю па-беларуску, дае адказы шмат на што.

— На вашую думку, ці ёсьць для цяперашняй моўнай палітыкі прамыя дырэктывы з Масквы, ці ўлады ў Беларусі проста ловяць «сыгналы ў паветры»?

— Лукашэнка і раней у хвіліны шчырасьці прызнаваўся, што зьмяншэньне статусу расейскай мовы можа выклікаць праблемы ў ягоных цёплых дачыненьнях з Масквой. Думаю, што такія сыгналы адтуль прыходзяць. Наўрад ці Лукашэнка мог бы не пагадзіцца, што на прасторы так званага СНД 2023 год абвешчаны годам расейскай мовы.

Тут абсалютна не прынцыпова, ці да Лукашэнкі і ягоных чыноўнікаў гэта даносілі сам Пуцін, ці Мядзьведзеў, ці цяперашні расейскі амбасадар, ці структуры «Россотрудничества», якія абсалютна вольна дзейнічаюць у Беларусі і прапагандуюць «русскомирство», ці гэта сам Лукашэнка і ягоны рэжым ведаюць на ўзроўні падкоркі. Але палітыка, скіраваная на маргіналізацыю і фактычнае зьнішчэньне беларускай мовы, працуе ў інтарэсах Расеі і «русскомирности» як інструмэнту аднаўленьня імпэрыі.

Ад рэдакцыі. У пачатку відэазапісу прагучала недакладная інфармацыя пра зьмены статусу школьнага экзамэну беларускае мовы. Удакладняем: абавязковы экзамэн для 11-х клясаў на беларускай мове (беларуская літаратура) быў скасаваны ў 2000-я гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG