У Берасьцейскім абласным судзе 13 студзеня скончыўся разгляд справы палітвязьня Юрыя Касьцюка, якога восеньню 2022 году вывезьлі з Расеі.
Судзьдзя Сьвятлана Крамянеўская прысудзіла Касьцюку 4 гады калёніі, піша «Вясна Брэст». Палітвязьня абвінавацілі ў «садзеяньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч.1 арт.361-4 КК) за дапамогу іншым палітзьняволеным.
Пяць месяцаў Юрыя ўтрымлівалі ў расейскім сьледчым ізалятары, яшчэ тры месяцы — у беларускіх.
Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны зьвязаўся праз інтэрнэт з праваабарончымі арганізацыямі, знаходзіў палітвязьняў. Для знойдзеных з дапамогай Касьцюка людзей пералічвалі грошы на банкаўскую картку, далей ён ажыцьцяўляў пераводы сваякам асуджаных.
Паводле абвінавачаньня, усяго з 27 лютага 2021 году па 3 лютага 2022 году Касьцюк атрымаў выплаты для шасьці грамадзян.
Юры Касьцюк адбыў тэрмін за «зьнявагу дзяржаўных сымбаляў» і 6 студзеня выйшаў на волю. 15 лютага яго затрымалі супрацоўнікі КДБ з нагоды ўдзелу ў тэлеграм-чаце палітзьняволеных «хімікаў» «Волейбол по выходным». Вядома, што Касьцюка моцна білі, былі падазрэньні на зламаныя рэбры.
Ён зьехаў у Расею, але ў траўні 2022 году яго затрымалі ў Сочы. Юры чакаў экстрадыцыі ў Беларусь у расейскім сьледчым ізалятары. Расейскія прыставы 13 кастрычніка адвезьлі Юрыя ў аэрапорт для экстрадыцыі. Пры гэтым яго білі па дарозе туды і на зваротным шляху.
16 кастрычніка 2022 года Юрыя Касьцюка таемна вывезьлі ў Беларусь і зьмясьцілі ў ІЧУ Пружанаў, а пазьней перавялі ў баранавіцкі СІЗА-6. Вядома, што там ён таксама цярпеў ад жорсткага абыходжаньня. 7 сьнежня ягоную справу накіравалі ў суд, а пазьней яго перавялі ў берасьцейскае СІЗА-7.