Жонка журналіста Свабоды Андрэя Кузьнечыка Алеся Рак паведаміла, што «калектыўны віншавальны ліст са стосам паштовак пасьпяхова дайшоў да адрасата». Два тыдні таму ў Андрэя быў дзень народзінаў — яму споўнілася 44 гады.
Сябры многіх палітвязьняў наракаюць, што пастаянна пішуць лісты ў калёніі і СІЗА, шлюць чыстыя канвэрты, паштоўкі і амаль не атрымліваюць адказаў. Людзі робяць выснову, што іх лісты проста не даходзяць да адрасатаў. У лепшым выпадку палітвязьням дазваляюць ліставаньне толькі зь сям’ёй, самымі блізкімі людзьмі.
Жонка Андрэя Кузьнечыка Алеся Рак на сваёй старонцы ў фэйсбуку перад днём народзінаў мужа папрасіла ўсіх ахвотных павіншаваць яго — выслаць ёй паштоўкі, тэксты пажаданьняў. І паабяцала пераслаць іх у калёнію.
«Наш з вамі калектыўны віншавальны ліст са стосам паштовак пасьпяхова дайшоў да адрасата. Ён ня толькі палепшыў Андрэю настрой, але і выклікаў сэрыю сноў нібы з новага, свабоднага жыцьця», — паведаміла жонка Кузьнечыка Алеся на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
«Сьнілася мне, што я вярнуўся дадому»
Андрэй напісаў, што цудоўныя падарункі ў выглядзе паштовак ён ня раз гартаў, перабіраў, пераглядаў і перачытваў; што перадае прывітаньні, паклоны і найлепшыя пажаданьні ўсім, хто спрычыніўся да ягонага сьвяточнага настрою.
«А найлепшым падарункам сталася ведаеш што? Сны!», — напісаў Кузьнечык. Андрэю вельмі часта сьняцца сны пра вызваленьне, свабоду. А вось сны пра турму ён адразу забывае, расказваў ён раней у сваіх лістах.
«Сьнілася мне, што я вярнуўся дадому, чытаю камэнтары, гляджу, што пісалася ў інтэрнэце і сетках, раблю нейкія даведкі, адказваю на бюракратычныя лісты, якіх панапрыходзіла з розных інстанцый. Такі засяроджана-дзелавы сон. Але прачнуўся я, адпачыўшы ад турмы. Відаць, гэта той кароткі, спантанны, сумбурны трошку званок падзейнічаў», — піша Андрэй.
«Гэтым разам ты з Мацейкам прыехала мяне забіраць»
Ну а пасьля супэрнасычанага віншаваньнямі ліста ад жонкі і сяброў Кузьнечык зноў прысьніў «вызваленчы» сон.
«Гэтым разам ты з Мацейкам прыехала мяне забіраць. Мы дайшлі сярод прамысловага краявіду да аўтавакзалу, але з-пад носу зьехаў нейкі дарагі і перапоўнены аўтобус. Наступны быў няхутка, і мы пайшлі пешшу. Трымаліся галоўнай асфальтаванай дарогі, хоць было шмат прымыканьняў розных вуліц без асфальту. Але нешта дарога пачала заварочваць, падышла да яе другая і трэцяя, такія ж самыя з выгляду. Тут я дастаў карту, на якой павінна быць урэзка з Наваполацкам (сама карта ці то вобласьці, ці то краіны). Але аказалася, што ў мяне толькі адна палова, і без Наваполацку (Андрэй Кузьнечык адбывае пакараньне ў Наваполацкай калёніі № 1. — РС). Трошкі прайшлі далей — і тут зьнянацку наплылі навальнічныя хмары, стала бліскаць маланка. Балазе, вы з Мацейкам пазналі знаёмую аднекуль прадуктовую краму, і мы пабеглі хавацца ў ёй. З крамы вырашылі выклікаць Яндэкс-таксоўку. Чамусьці ў маім сьне толькі яна выклікалася з крамы», — апавядае Андрэй пра другі сон.
«Пляную маршрут дахаты, каб дарогай паглядзець чым болей новых месцаў»
Трэці сон быў таксама пра вызваленьне з турмы — нібыта Андрэй толькі выйшаў з калёніі.
«Адразу чытаю пошту ў інтэрнэце, пляную маршрут дахаты, каб дарогай паглядзець чым болей новых месцаў. Памятаю, сабраўся заехаць у гіпэрмаркет на Кабушкіна (навошта?). Але там зноў аўтавакзал, зноў адзін толькі аўтобус — рыскі, на якім мы ў Бягомль езьдзілі. Канец сэрыялу.
Сны пры гэтым будзённа-рэалістычныя, як быццам я займаюся справамі ў клапатліва-засяроджаным рэжыме. Ява хутчэй на кантрасьце падаецца фантасмагорыяй», — піша палітвязень.
У калёніі Андрэй працуе. Раней быў заняты на вельмі цяжкай фізычнай працы: сартаваў мэталічныя дэталі, вымаў дрот з кабэлю і рэзаў яго на кавалкі. Потым яго перавялі на лесапілку. У вытворчых памяшканьнях вельмі холадна. Андрэй піша, што перажыў і дажджы, і мароз мінус 15.
«Праўда, неабачліва намочаныя рукі ў сьнежаньскія халады даюцца ў знакі дагэтуль. Трэшчынкі хоць і загаіліся, але, бывае, так засьвярбіць, што ня ведаеш, куды рукі падзець», — піша палітвязень.
Журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык за кратамі ўжо 1 год і 2 месяцы. У чэрвені 2022 году Магілёўскі абласны суд прызнаў Андрэя стваральнікам «экстрэмісцкага фармаваньня» і прысудзіў яму 6 гадоў турмы. Адбывае пакараньне Андрэй у Наваполацкай калёніі № 1 узмоцненага рэжыму, куды яго этапавалі 1 верасьня з магілёўскай турмы.
Перасьлед Андрэя Кузьнечыка
- Андрэй Кузьнечык — журналіст, які супрацоўнічае з Радыё Свабода, фрылансэр.
- Андрэя Кузьнечыка затрымалі 25 лістапада, на наступны дзень яго асудзілі на 10 сутак, аднак 5 сьнежня ён на волю не выйшаў, зноў атрымаўшы 10 сутак. Але і 15 сьнежня яго ня вызвалілі і зноў прысудзілі 10 дзён арышту.
- Віны паводле адміністрацыйных артыкулаў фрылансэр Радыё Свабода не прызнаў, перадач для яго не прынялі.
- 22 сьнежня Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала ад уладаў органаў неадкладна даць інфармацыю пра тое, дзе і ў сувязі зь якой справай утрымліваюць журналіста.
- Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай заявіў, што ўлады Беларусі працягваюць утрымліваць журналіста, па сутнасьці, як выкрадзенага закладніка. Ён запатрабаваў вызваліць Андрэя і спыніць перасьлед беларускіх журналістаў.
- 23 сьнежня сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, але не назвалі артыкулу КК. Кузьнечыка перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
- У чэрвені 2022 году Магілёўскі абласны суд прызнаў яго стваральнікам «экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК) і прысудзіў 6 гадоў турмы. Суд доўжыўся 3 гадзіны.