Некалі ўлады змагаліся з тарашкевіцай, у выніку чаго ад яе адмовіліся выданьні кшталту «Нашай нівы». На сёньня Радыё Свабода засталося, бадай, адзіным уплывовым СМІ, які карыстаецца нерусыфікаваным беларускім правапісам. Цяпер рэжым змагаецца зь беларускай лацінкай. Прынамсі, так вынікае з запіскі кіраўніка лукашэнкаўскай адміністрацыі Сергеенкі на імя Лукашэнкі.
Каштоўнасьць беларускае мовы як такой яны пакуль аспрэчваюць крывадушнымі фармулёўкамі пра «дзьве дзяржаўныя мовы»: маўляў, «хто как хаціт, той так і гаварыт». Але ў думках ужо можна прымерыць абражальныя беларусафобскія фармулёўкі пра «усложняет восприятие», «затрудняет ориентирование» і «навязывание (...) западных либеральных ценностей и культурных традиций» і да беларускай мовы як такой.
Бо што, як не наяўнасьць уласнай самабытнай мовы, найбольш яскрава дэманструе, што беларусы — самастойны народ з самастойнай культурай і самастойнымі інтарэсамі? А падкрэсьліваньне асобнасьці беларускага народу ад расейцаў — гэта для іх ужо крамола ў цяперашні ваенны час.
Лішне казаць, што за выкарыстаньне беларускай мовы ў цэнтры Менску ўжо могуць арыштаваць і без афіцыйнага ідэалягічнага абгрунтаваньня. Бо ўсім усё зразумела.
Наратывы радыкальных расейскіх шавіністаў што да Беларусі паступова робяцца паўнавартаснай — а не негалоснай, як раней — часткай ідэалёгіі лукашэнкаўскага рэжыму. А значыцца, за перасьледам за тарашкевіцу і лацінку, за лукашэнкаўскімі фразамі пра родную яму расейскую мову часткай афіцыйнай пазыцыі могуць зрабіцца і фантазіі ў оруэлаўскім стылі пра тое, што саму беларускую мову як такую выдумалі ці то палякі, ці то бальшавікі.
Заўважце і фармулёўку «навязывание католичества», якую мімаходзь уставілі ў афіцыйны дзяржаўны дакумэнт, які пры гэтым ніяк ня тычыцца рэлігійнага пытаньня. Навязваньня расейскага праваслаўя на беларускіх землях у XIX–XX стагодзьдзях, паводле лукашэнкаўскіх ідэолягаў, вядома ж, не было. Прыйшлі па беларускую мову — прыйшлі і па каталікоў.
Так яно і працуе: захапілі краіну, зьнішчылі мясцовую культурную эліту, мэтанакіравана зьнішчылі гістарычную памяць і выціснулі мясцовую мову з шырокага ўжытку, а потым кажуць, што так заўсёды і было. А гістарычны мясцовы лацінскі альфабэт «усложняет восприятие».
На самой справе, сучасная пісьмовая беларуская мова — з «аканьнем» і «дзеканьнем», якія амаль не адлюстроўваліся ў старабеларускай мове часоў ВКЛ — спачатку зьявілася ў першай палове і сярэдзіне XIX стагодзьдзя менавіта ў лацінскай графіцы: літаратурных творах Багушэвіча, Дуніна-Марцінкевіча, Сыракомлі і ў публіцыстыцы Кастуся Каліноўскага. Толькі на мяжы XIX і XX стагодзьдзяў беларуская мова перайшла на кірыліцу.
Іронія лёсу: фактычна, цяперашняя беларуская кірыліца ўзьнікла як трансьлітарацыя лацінкі. А не наадварот.
Беларуская лацінка — гэта нацыянальная каштоўнасьць. Яна павінна вывучацца ў школе нароўні з кірыліцай і мець афіцыйны статус.
А беларускія геаграфічныя назвы павінны пісацца на ўсіх замежных мовах, якія выкарыстоўваюць лацінскі альфабэт, толькі і выключна беларускай лацінкай — для мяне гэта аксіёма. Як і тое, што беларускай лацінкай павінны пісацца асабістыя імёны ў беларускіх пашпартах (як варыянт, незадаволеным можна даць магчымасьць дадатковага альтэрнатыўнага афіцыйнага напісаньня, поруч з лацінкавым).
У беларускім інтэрнэце зь сярэдзіны нулявых гадоў прынята ў канцы студзеня адзначаць Тыдзень беларускай лацінкі. Сёлета гэтая ініцыятыва будзе асабліва актуальнай.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.