Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія адмовілася ад дзяржаўнай падтрымкі расейскамоўных СМІ


Іварс Абаліньш
Іварс Абаліньш

Нацыянальная рада электронных СМІ Латвіі (NEPLP) распрацавала стратэгію разьвіцьця сэктару электронных СМІ на 2023–2027 гады.

Ключавы прыярытэт працы наступных гадоў — разьвіцьцё зьмесьціва на латыскай мове. А расейская мова павінна адыходзіць, у радзе асьцерагаюцца, што бяз гэтых захадаў яна будзе дамінаваць.

«Калі мы працягнем падтрымліваць кантэнт на расейскай мове і дазволім яму дамінаваць у нашых тэлевізарах, тэлефонах, кампутарах і радыё ў пераважнай ступені, наша інфармацыйная прастора ніколі ня ўзмоцніцца», — сказаў кіраўнік NEPLP Iварс Абаліньш.

У канцы 2022 году ў Латвіі было зарэгістравана 95 электронных СМІ. А ў сьпіс рэтрансьляваных у Латвіі праграм увайшлі 254 тэлепраграмы з 25 краін, зьмест большасьці даступны на расейскай і ангельскай мовах.

Плянуюць у Латвіі разьвіваць і мэдыяасьвету насельніцтва, каб спрыяць «супраціву дэзынфармацыі».

У інтэрвію Latvijas Radio Абаліньш прывёў статыстыку СМІ ў Латвіі. Ён адзначыў, што ў Латвіі сёньня даступныя 252 СМІ, зь іх 127 — на расейскай мове, і толькі 42 — на латыскай.

Кіраўнік Нацыянальнай рады электронных СМІ Латвіі адзначыў, што ў Законе аб электронных СМІ і Законе аб грамадзкіх СМІ гаворыцца пра шмат якія мовы нацменшасьцяў, якія выкарыстоўваюцца ў Латвіі. Таму рада «ня бачыць падставаў працягваць гэтае абсалютнае дамінаваньне расейскай мовы тут».

Скандал з расейскім тэлеканалам «Дождь»

Раней у Латвіі разгарэўся скандал вакол расейскага незалежнага тэлеканалу «Дождь», калі яго вядоўца ў эфіры заклікаў дапамагаць расейскім вайскоўцам палепшыць умовы іх знаходжаньня на вайне. Тэлеканал звольніў вядоўцу, але не прасіў прабачэньня за ягоныя словы.

Улады вынесьлі каналу папярэджаньне, якое ўжо было ня першым — раней «Дождь» паказваў у этэры мапу з уключаным у склад Расеі Крымам, а таксама ўжываў словазлучэньне «наша армія» ў дачыненьні расейскіх акупацыйных войскаў ва Ўкраіне.

8 сьнежня ўлады Латвіі і Эстоніі спынілі вяшчаньне тэлеканалу ў сваіх дзяржавах. Вядоўцу каналу Аляксея Карасьцялёва ўнесьлі ў «чорны сьпіс» грамадзян, якім забаронены ўезд у краіну.

Упраўленьне ў справах грамадзянства і міграцыі (PMLP) Латвіі прыняло рашэньне захаваць візы супрацоўнікам тэлеканалу «Дождь», якога раней пазбавіла ліцэнзіі на вяшчаньне Нацыянальная рада электронных СМІ. Цяпер канал працуе ў інтэрнэце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG