Шостага сьнежня NEPLP анулявала ліцэнзію на вяшчаньне тэлеканалу «Дождь» «у сувязі з пагрозай нацыянальнай бясьпецы і грамадзкаму парадку».
Гэта здарылася пасьля таго, як тэлеканал быў аштрафаваны за мапу з Крымам у складзе Расеі і за словы «наша армія» ў дачыненьні да расейскай арміі, а таксама пасьля эфиру, падчас якога вядоўца Аляксей Карасьцялёў, заклікаючы гледачоў пісаць аб парушэньнях пры правядзеньні мабілізацыі ў Расеі і ваенных злачынствах расейскіх вайскоўцаў, сказаў: «Мы спадзяёмся, што многім, вайскоўцам у тым ліку, мы змаглі дапамагчы, напрыклад з аснашчэньнем і з проста элемэнтарнымі выгодамі на фронце».
У інтэрвію «Настоящему времени» Іварс Абалыньш растлумачыў, чаму тэлеканал больш ня можа знаходзіцца ў латвійскай інфармацыйнай прасторы.
— Паведамляючы аб ануляваньні ліцэнзіі тэлеканалу «Дождь», вы сказалі, што «ёсьць пагрозы нацыянальнай бясьпецы і грамадэкаму парадку». Можаце патлумачыць, пра якія канкрэтна пагрозы ідзе гаворка?
— Гаворка ідзе пра канкрэтны артыкул закону, на падставе якога была адкліканая ліцэнзія, і пра цэлы шэраг парушэньняў, якія мелі месца ў апошнія месяцы.
Па-першае, гэта латыская гукавая дарожка, якую «Дождь», атрымаўшы ліцэнзію, абавязаўся забясьпечыць у адпаведнасьці з законам. За гэтае парушэньне ў дачыненьні да тэлеканалу ўжо быў ужыты адміністрацыйны штраф, пасьля чаго прайшоў месяц і нічога не зьмянілася. Больш за тое, тэлеканал «Дождь» вусна апавясьціў нас, што яны ня стануць рабіць гукавую дарожку на латыскай мове. Гэта дэманструе іх стаўленьне да латвійскіх законаў, да латыскай мовы і да сваіх абавязаньняў.
Па-другое, яны паказалі карту акупаванага Расеяй Крыму, прадстаўленую як частка Расеі. Хачу нагадаць, што трансьляцыя «Дождя» была забаронена ва Ўкраіне на падставе трох парушэньняў, адно зь якіх таксама было зьвязана з выявай Крыму як часткі Расеі. Прадстаўнікі тэлеканалу паведамілі нам, што лічаць гэта чыста тэхнічнай памылкай, якая ня мае патрэбы ў абвяржэньні.
Трэці выпадак — гэта абазначэньне расейскай арміі як «нашай арміі». Ад гэтага яны таксама не адмовіліся, і Ціхан Дзядко сказаў на Латвійскім радыё, што яны застаюцца пры сваім, то бок працягваюць ідэнтыфікаваць сябе з акупацыйным войскам.
І апошні выпадак — калі прагучаў заклік зьбіраць рыштунак для акупацыйнай арміі.
Таксама мы атрымалі ліст ад Службы дзяржбясьпекі Латвіі з ацэнкай дзейнасьці [тэлеканалу «Дождь»].
Ацаніўшы ўсе гэтыя абставіны, мы прыйшлі да высновы, што тэлеканал «Дождь» не ўсьведамляе ўсю сур’ёзнасьць і цяжкасьць гэтых парушэньняў і яны больш ня могуць знаходзіцца ў латвійскай інфармацыйнай прасторы.
Я хачу падкрэсьліць галоўнае: уся гэтая гісторыя з тэлеканалам «Дождь» паказвае, што Латвія адкрытая для расейскіх СМІ і журналістаў. У Латвіі працуе больш за дзесяць СМІ, зьвязаных з Расеяй, сюды прыехала вялікая колькасьць журналістаў. І зь вясны, калі гэты працэс пачаўся, мы не зафіксавалі ніводнага парушэньня, нуль выпадкаў. Мы не атрымалі ніводнага паведамленьня пра якія-небудзь парушэньні ад маніторынгавых структур, зь якімі мы супрацоўнічаем. У сваю чаргу, у выпадку тэлеканалу «Дождь» мы ўвесь час сутыкаемся з рознага роду праблемамі. Латвія вітае расейскія незалежныя СМІ, але неабходна выконваць латвійскія законы. Усё проста.
Таму нельга сказаць, што Латвія неяк дрэнна ставіцца да расейскіх журналістаў. Ёсьць адзін канкрэтны СМІ, які не выконвае законы Латвіі. Хачу сказаць, што заявы спадара Дзядко пра тое, што расейскія гледачы цяпер ня змогуць глядзець тэлеканал «Дождь», не адпавядаюць рэчаіснасьці. Пры тым што яны пазбаўляюцца магчымасьці вяшчаць на тэрыторыі Латвіі, у Расеі яны па-ранейшаму даступныя на YouTube.
— Вы таксама сказалі, што кіраўніцтва тэлеканалу «не разумее і не ўсьведамляе значнасьці і сур’ёзнасьці парушэньняў, таму ня можа дзейнічаць на тэрыторыі Латвіі». Чаму вы прыйшлі да такой высновы? Што менавіта, з вашага пункту гледжаньня, тэлеканал не ўсьведамляе?
— Яны не ўсьведамляюць у цэлым тое, што імі было зроблена. Яны нават не спрабавалі вырашыць пытаньне з латыскай гукавой дарожкай, гэта значыць выканаць свае прамыя абавязкі. Тое ж самае з мапай Крыму і «нашай арміяй». Мы ня бачылі ніякай работы над памылкамі, ніякага адкліканьня сваіх дзеяньняў.
Таксама нядаўняя заява Сіндзеевай пра тое, што «нашы хлопцы замярзаюць у Расеі», — гэта значыць, што яе пазыцыя ў цэлым супадае з пазыцыяй звольненага журналіста. Сёньня (6 сьнежня. — РС) яна ўжо заявіла, што шкадуе аб яго звальненьні. Усё гэта сьведчыць аб тым, што яны не ўсьведамляюць усёй сур’ёзнасьці здарэньня.
— Як вам здаецца, ануляваньне ліцэнзіі «Дождя» будзе спрыяць барацьбе з Пуціным і яго рэжымам? Ці ня здарыцца так, што гэтае рашэньне, наадварот, будзе на руку Пуціну, паколькі для многіх расейцаў гэта важная незалежная крыніца інфармацыі.
— Мы цяпер знаходзімся на тэрыторыі Латвіі, дзе дзейнічаюць латвійскія законы. Нават калі чалавек зьяўляецца вялікім апанэнтам Пуціна, калі ён прыехаў у Латвію, ён павінен паважаць і выконваць законы Латвіі. Гэта элемэнтарна. Ніхто не патрабаваў ад тэлеканалу «Дождь» чагосьці невыканальнага — толькі трымацца латвійскіх законаў, не паказваць Крым як частку Расеі. Ва Ўкраіне зь імі адбылося тое самае, яны не зрабілі работы над памылкамі.
На гэта немагчыма глядзець так, як вы сфармулявалі сваё пытаньне. Тэлеканал «Дождь» не паважае Латвію, яе законы, і, мяркуючы па ўсім, ня вучыцца на сваіх памылках. Калі ў Латвію прыедзе супернік Пуціна і сядзе за руль п’яным, паліцыя затрымае яго незалежна ад яго стаўленьня да Пуціна. І менавіта так будзе і з тэлеканалам «Дождь».
— Тэлеканал папрасіў прабачэньня пасьля нядаўніх словаў вядучага; акрамя таго, ён быў звольнены — гэта нельга лічыць прызнаньнем памылкі?
— Але ці звольнілі чалавека, які назваў войска Расеі «нашым войскам», ці звольнілі чалавека, які паказаў мапу Крыму як частку Расеі? Памылка была прызнаная, толькі калі запахла смажаным. А апошнія заявы сьведчаць пра тое, што, магчыма, памылка і зусім не была прызнаная.